На Гомельшчыне не змаглі пахаваць беларуса, які загінуў у вайне супраць Украіны

Яраслаў Асташкаў / "Флагшток"
Яраслаў Асташкаў / "Флагшток"

27 чэрвеня ў пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне павінны былі пахаваць вайскоўца, які загінуў ва Украіне. На гарадскіх могілках нават выкапалі яму. Але пахавання так і не адбылося, піша "Флагшток".

Пахаваць мусілі парэшткі 21-гадовага ўраджэнца пасёлка — Яраслава Асташкава. Іх даставілі ў Акцябрскі ў металічнай труне, бо загінуў хлопец больш за год таму, а цела апазналі толькі нядаўна.

Людзі сабраліся на могілках, аднак блізкія перадумалі хаваць Яраслава.

"Маці з бацькам не дамовіліся. Бацька ў Расіі жыве, маці тут. Маці хацела тут хаваць. Бацька пераканаў. На маці націснулі тым, што нібыта яго павінны пахаваць у Расіі з ушанаваннямі, і гэта спросціць атрыманне кампенсацыі", — расказаў журналістам чалавек, знаёмы з сітуацыяй.

Яраслаў Асташкаў нарадзіўся ў Акцябрскім у 2001 годзе. Пасля заканчэння 11 класаў пераехаў у Расію, дзе паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантную камандную вучэльню. У званні яфрэйтара хлопец падпісаў кантракт з ваеннай часцю 33842 106-й дывізіі паветрана-дэсантных войскаў і адправіўся на захоп Украіны. А 18 красавіка 2022 года перастаў выходзіць на сувязь.

Ад вайскоўцаў блізкія даведаліся, што танк Яраслава згарэў, але было невядома, ці выбраўся ён з танка. У вайсковай часці заявілі, што хлопец знік без вестак.

Парэшткі Яраслава апазналі ўжо ў Расіі дзякуючы медальёну ўвесну 2023-га. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі