На Гомельшчыне пачалі адключаць ацяпленне
Ацяпляльны сезон завяршаецца ў Гомельскай вобласці. Там пачалі адключаць ацяпленне на прадпрыемствах, у грамадскіх і адміністрацыйных будынках, перадае БЕЛТА.
Адпаведны рэкамендацыйны ліст кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама накіравала ў падведамасныя арганізацыі 10 красавіка. Рашэнне пра адключэнне батарэй мясцовыя ўлады прымаюць пры ўмове, што сярэднесутачная тэмпература паветра цягам трох дзён трымаецца на ўзроўні +8 градусаў і вышэй.
У шэрагу раёнаў вобласці, у тым ліку ў самім Гомелі, спыненая падача цяпла на прамысловыя прадпрыемствы. Потым з улікам умоваў надвор'я і прагнозаў тэмпературы цяпло перастануць падаваць у кватэры, інтэрнаты, гатэлі, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пакуль што гэтыя аб'екты рэкамендавана перавесці ў рэжым прапальвання.
Апошнімі ад ацяплення адключаць дашкольныя, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, музеі, дзяржаўныя архівы, бібліятэкі.