На Каляды віцебскія дзяўчаты варажылі на нарачоных

Традыцыйна перад Калядкамі беларусы варажылі на будучыню. Які будзе ўраджай, галодным ці сытым выдасца год, ці народзяцца дзеці?..

Пад святочны абрус клалі салому, пасля вячэры гаспадар выцягваў саломіну і па яе даўжыні вызначаў, якім будзе год. Дзяўчат цікавіла найперш, калі і за каго яны выйдуць замуж.

У Віцебску супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея арганізавалі праект “Святочная варажба ў Ратушы”, які працуе з 6 па 19 студзеня. Разам з іншымі дзяўчатамі там варажыла карэспандэнтка Еўрарадыё.

Праектам кіруе Алена Катовіч, якую на гэтую ідэю натхніла “магічная атмасфера Калядаў”:

Мы спасылаемся на этнографа Мікалая Нікіфароўскага, які апісваў беларускую варажбу XIX ст. Але у нашай каляднай варажбе мы спалучаем старыя беларускія спосабы з еўрапейскімі традыцыямі і даём магчымасць успрымаць варажбу па-рознаму — сур’ёзна або як забаву.

Дзяўчат вучаць варажбе ўсяго за 3820 рублёў. На жаль, для мужчын дзверы закрытыя – гэта дзявочая справа і таямніца. Паслуга карыстаецца попытам не толькі у дзяўчат, але і ў старэйшых жанчын, якія хочуць згадаць спосабы варажбы, якімі карысталіся ў маладосці, і перадаць дочкам і ўнучкам.

6 студзеня дзяўчаты сабраліся ў зале музея, дзе ім прапанавалі дзевяць спосабаў гадання: і на каве, і са свечкамі і воскам, і з пярсцёнкам, і нават з вопраткаю ці абуткам.



Спачатку варажылі на кававай гушчы. Каб даведацца, што вас чакае, трэба спачатку выпіць каву, пакінуўшы вадкі ападак. Потым узяць кубак у левую руку, збоўтаць, накрыць сподачкам, перавярнуць і пачакаць, калі гушча сцячэ. Узяць кубачак ручкай да сябе, паглядзець, які малюнак атрымаўся. Злева — мінулае, справа — будучыня. Натуральна, каб расшыфраваць “малюнак”, трэба мець добрае ўяўленне.

Каб даведацца пра час замужжа, бярэцца пярсцёнак і шклянка з вадой. Спачатку пярсцёнак падвешваюць на нітцы і тры разы апускаюць у ваду, каб дакрануўся да дна. А потым трымаюць так, каб ён біўся аб краі чаркі. Колькі разоў стукне, у такім узросце і выйдзе дзяўчына замуж.



А якім жа будзе муж? Дзяўчына вобмацкам выцягвае з куфра вопратку. Калі трапяцца штаны — муж будзе вясёлы норавам, кашулю — заможны, шапку — разумны, калі трапілася спадніца, то муж будзе моднікам, а калі сподняя бялізна — будзе гуляць…

Каб даведацца, якое будзе жыццё, трэба ў кубак пакласці кавалачак цукру, што азначае салодкае жыццё, скарыначку (беднасць), цыбуліну (слёзы), корак (радаснае, вясёлае жыццё), пярсцёнак (замужжа) і манетку (багацце). Кубак накрыць рукой, патрэсці і высыпаць змесціва на стол. Што ляжа бліжэй, тое і вызначыць жыццё.

Варажба папулярная паўсюдна. У Грэцыі, каб вызначыць, калі і хто народзіцца ў сям’і, варажбіту завязваюць вочы, ставяць перад ім пірог і просяць разрэзаць. Калі трапіць нажом адразу ў сярэдзіну, то народзіцца хлопчык, калі пройдзе па краі — дзяўчынка альбо не хутка; калі нож не кране пірага — блізкіх народзінаў не будзе. У Нарвегіі варожаць хлопцы. Аднаго з іх з завязанымі вачыма заводзяць у пакой, дзе стаяць тры кубкі. У адным — піва, у другім — малако, у трэцім — вада. Хлопец здымае павязку і чакае, калі ж з’явіцца яго дзяўчына і з якога кубка адап’е. Калі адап’е піва, то жыццё ў іх будзе заможнае, калі малака — сярэдняе, а калі вады — будуць жыць бедна.


Фота аўтаркі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі