На наступную Алімпіяду Беларусь можа паехаць пад нейтральным сцягам

На Алімпіядзе ў Токіа беларускія спартоўцы выступалі пад дзяржаўным сцягам, каманда Расіі — пад нейтральным / Reuters
На Алімпіядзе ў Токіа беларускія спартоўцы выступалі пад дзяржаўным сцягам, каманда Расіі — пад нейтральным / Reuters

Не выключана, што ўжо на наступных Алімпійскі гульнях беларускія спартоўцы будуць выступаць пад нейтральным сцягам, заявіў у інтэрв'ю незалежнаму тэлебачанню Malanka LIVE выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці (БФСС) Аляксандр Апейкін.

"Дастаткова высокая імавернасць. Усё да гэтага і ідзе. Па маіх ацэнках, гэта рашэнне будзе агучана на снежаньскім выканкаме Міжнароднага алімпійскага камітэта", — заявіў Апейкін у адказ на пытанне аб тым, наколькі вялікая імавернасць, што на наступных Алімпійскіх гульнях Беларусь будзе выступаць пад нейтральным сцягам.

Па яго словах, у МАК ужо накіравана з дзясятак кейсаў, якія выяўляюць рэпрэсіі ў беларускім спорце. Пры чым гэтыя "рэпрэсіі з'яўляюцца сістэмнай сітуацыяй. Гэта не асобныя прыватныя выпадкі, а сістэма", падкрэсліў Апейкін.

МАК, па яго словах, зараз дастаткова добра інфармаваны па ўсёй сітуацыі. На прыняцце рашэнняў могуць паўплываць і санкцыі ЗША — "гэта таксама вельмі сур'ёзны фактар, калі ўжо хтосьці канкрэтна ўвёў жорсткія санкцыі ў адносінах да НАК Беларусі. Адпаведна, для МАК гэта таксама вельмі сур'ёзны сігнал", — адзначыў прадстаўнік БФСС.

Па яго ацэнцы, "санкцыі МАКа, хутчэй за ўсё, будуць". На гэта рашэнне яшчэ, вядома, можа паўплываць сусветная павестка, "але імавернасць вельмі высокая", — падкрэсліў Аляксандр Апейкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі