На новы рок-фэст "Наш дзень" за суткі раскупілі 500 квіткоў

На новы рок-фэст "Наш дзень" за суткі раскупілі 500 квіткоў

500 квіткоў на новы рок-фэст "Наш дзень", які адбудзецца 30 чэрвеня пад Мінскам, раскупілі за 24 гадзіны. Гэта будзе першы за доўгі час вялікі рок-фэст з цалкам беларускім лайн-апам. У ім возьмуць удзел Volski, Зміцер Вайцюшкевіч, Akute, Dzieciuki, Nizkiz ды яшчэ шэраг вядомых беларускіх выканаўцаў.


Першая партыя квіткоў патрапіла ў продаж 23 траўня з коштам 23 рублі (з улікам камісіі аператара). Набыць іх можна на сайце Kvitki.by і ў касах па ўсёй Беларусі. Палову з гэтай партыі набылі за першыя 24 гадзіны.


"Вельмі прыемна бачыць такую рэакцыю на цалкам беларускі фэст. Мы спадзяваліся на гэта, але не лічылі гарантаваным. Дзякуй!" – кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Уладзімір Плавінскі.


Фэст пройдзе з 12-й да 22-й гадзіны на пляцоўцы Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Склад удзельнікаў: Volski, Dzieciuki, Akute, B:N:, "Дай дарогу!", Nizkiz, "Крама", The Superbullz, Neuro Dubel, Мутнаевока, Зміцер Вайцюшкевіч, Пётр Клюеў. Музычны лайн-ап дапоўняць адукацыйныя актыўнасці, гульні для дзяцей і дарослых, цікавыя квэсты, фудкорты, кірмаш і іншыя забавы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі