На роды за 100 км? У Віцебскай вобласці задумалі ўшчыльніць радзільныя дамы
Наваполацкі радзільны дом / фота novaya.by
У Віцебскай вобласці пад пытаннем закрыццё двух радзільных аддзяленняў — Докшыцкае і Верхнядзвінскае. Парадзіх будуць накіроўваць у міжраённыя радзільныя дамы. Іх у вобласці ўсяго два: у Оршы і Наваполацку.
Ад Докшыц да Наваполацка — 115 км, ад Верхнядзвінска — 60. Да Оршы яшчэ далей.
Наваполацкі міжраённы радзільны дом ужо абслугоўвае не толькі новапалачан, але яшчэ і жыхароў суседняга Полацка і дзевяці прылеглых раёнаў. Усяго на гэтай тэрыторыі пражывае каля 400 тысяч чалавек.
Чаму радзільныя аддзялення хочуць закрыць?
У 2019 годзе беларусы ўстанавілі антырэкорд нараджальнасці. За 12 месяцаў у нашай краіне нарадзілася ўсяго 87 851 дзіця. Гэта на 6,6% менш, чым год таму.
"Будзем планаваць закрыццё радзільных аддзяленняў у раёнах, дзе прымаюць менш за 100 родаў у год", — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама член Савета Рэспублікі Юрый Дзяркач.
Докшыцкі і Верхнядзвінскі — якраз з такіх раёнаў.
98 < 100
Галоўны доктар Верхнядзвінскай раённай бальніцы Алена Эрдман расказала Еўрарадыё, што за мінулы год у іх сапраўды было менш за сто парадзіх — 98.
"Але пакуль што радзільнае аддзяленне працуе і ў найбліжэйшы час працягне працаваць. Нараджальнасць у нас прыблізна такая ж, як і ва ўсіх райцэнтрах Віцебскай вобласці. Закрыццё аддзялення можа быць толькі ў доўгатэрміновай перспектыве", — кажа спецыяліст.
У докшыцкай бальніцы пытанне закрыцця радзільнага аддзялення пакуль не каментуюць.
Затое ў Наваполацку бывае па 14 родаў у дзень
На наваполацкі радзільны дом шмат станоўчых водгукаў. Мяркуючы па іх, дактароў там хапае і персанал — кваліфікаваны. Галоўнай праблемай тыя, хто працуе тут, называюць якраз занадта вялікую колькасць пацыентак для, увогуле кажучы, невялікай медустановы.
Пакуль у радзільных аддзяленнях некаторых раёнаў прымаюць па 70-80 родаў у год, у наваполацкім радзільным доме — часам па 13-14 за дзень. І гэта яшчэ сюды не пачалі накіроўваць верхнядзвінскіх і докшыцкіх парадзіх!
"Прыязджаюць з розных раёнаў вобласці. Часам не таму, што няма магчымасці нарадзіць у аддзяленні раённай бальніцы, а таму, што роды чакаюцца няпростыя. Дактары вырашаюць не рызыкаваць і перанакіроўваюць пацыентку ў Наваполацк", — расказвае Еўрарадыё медсястра радзільнага дома УАЗ "Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца".
"Але радзільны дом жа не гумовы!"
Нядаўнія пацыенткі наваполацкага радзільнага дома расказваюць: парадзіхам прыходзіцца стаяць у чэргах у душ і ў сталовую. Бывае, што месцаў не хапае ўжо цяпер, і маці ляжаць на розных паверхах са сваімі дзецьмі.
"Напрыклад, калі падчас цяжарнасці я ляжала на захаванні, да нас адпраўлялі пацыентак, якія ўжо нарадзілі, а іх дзеці заставаліся на іншым паверсе. Чатыры камфортныя платныя палаты для цяжарных запаўняюцца імгненна. Кожны дзень быў своеасаблівы канвеер, — кажа новапалачанка Анастасія. — Шмат парадзіх паступала, і такое ўражанне, што многіх выпісвалі хутчэй, каб вызваліць месца. Але ў астатнім усё было добра. Персаналу хапае, заўсёды своечасова прыходзілі нас аглядаць".
"Мы пакуль спраўляемся, — працягвае супрацоўніца радзільнага дома, з якой удалося пагутарыць Еўрарадыё. — Але радзільны дом жа не гумовы! Калі далучаць яшчэ два раёны, то будзе вельмі складана".
Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.
Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно тут.