На судзе па справе аб "дзяржперавароце" пачалі дапытваць сведкаў
У Мінску на судзе па справе аб "дзяржперавароце" пачалі дапытваць сведкаў. Як піша sb.by, гаворка ідзе пра грошы, якія перадаваліся ў Беларусь ад Юрыя Зянковіча. У прыватнасці, у чацвер дапытвалі мужа абвінавачанай Вольгі Галубовіч, грамадзяніна Малдовы, які жыве і працуе ў нашай краіне. Ён пацвердзіў, што жонка атрымлівала ад Зянковіча грошы, якія перадавала "трэцім асобам" на аплату штрафаў пратэстоўцаў. Мужчына таксама заявіў, што чуў пра планы стварэння Юрыем Зянковічам "сваёй партыі кансерватыўнага накірунку".
Галубовіч была бухгалтаркай мінскай фірмы Зянковіча. Яе затрымалі вясной 2021-га, абвінавачваюць у "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Раней у прапагандысцкіх фільмах расказвалі, што Вольга Галубовіч удзельнічала ў перадачы грошай для афіцэраў, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у "мяцяжы". Насамрэч іх падставілі спецслужбы і ўсе кантакты фіксаваліся.
Галубовіч цалкам прызнала сваю віну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.