На Японію абрынуўся тайфун — мільёнам людзей загадалі эвакуявацца
Тайфун у Японіі
Мільёны людзей мусяць эвакуявацца са сваіх дамоў праз тайфун "Шаньшань", які абрынуўся ў чацвер на паўднёвы захад Японіі. Пра гэта паведамляе Reuters. Тайфун прынёс моцны вецер (да 50 метраў у секунду) і праліўны дождж. "За 31 год свайго жыцця я ніколі не сутыкаўся з такім моцным ветрам ці тарнада", — кажа жыхар горада Міядзакі Тамокі Маэда. У яго горадзе вецер разбіў вокны і разбурыў сцены некаторых будынкаў.
Праз непагадзь адключаная электраэнергія, ускладнены паветраны рух і закрытыя буйныя заводы. Без святла засталося каля 230 000 хатніх гаспадарак у сямі прэфектурах. Вядома пра трох загінулых. Дзясяткі чалавек атрымалі раненні. Паводле ўладаў, гэты тайфун можа стаць адным з самых моцных штармоў, які калі-кольвек адбываўся ў рэгіёне.
Мясцовае метэаралагічнае агенцтва папярэджвае, што шторм будзе вісець над Кюсю некалькі дзён, а да выходных, як чакаецца, перамесціцца да цэнтральных і ўсходніх рэгіёнаў, уключаючы сталіцу Токіа. Паводле звестак уладаў, паведамленні пра эвакуацыю па ўсёй краіне атрымала больш за 5,2 мільёна чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.