На замежныя онлайн-пакупкі могуць увесці дадатковыя пошліны

На замежныя онлайн-пакупкі могуць увесці дадатковыя пошліны

За пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах, даражэйшыя за 22 еўра, могуць увесці зборы ў памеры 15 еўра. Гэтыя меры могуць закрануць усе краіны Еўразійскай эканамічнай супольнасці — Беларусь, Казахстан і Расію.

Пытанні трансгранічнага інтэрнэт-гандлю плануецца разгледзець 23 лістапада на пасядэжнні савета Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), паведамляе РБК.

Па звестках расійскіх СМІ, працоўная група падрыхтавала два праекты рашэнняў наконт інтэрнэт-гандлю. Паводле першага варыянту, ад мытных плацяжоў вызваляюцца тавары танней за 22 еўра і вагой ніжэй за 1 кг. За пасылкі, якія трапляюць у дыяпазон 22-150 еўра і 1-10 кг, давядзецца заплаціць збор у 15 еўра. За тавары, чый кошт больш за 150 еўра і (або) агульная вага перавышае 10 кг, запатрабуюць дадатковы збор у 15 еўра плюс 30% ад мытнага кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кг вагі.

Другі праект рашэння прадугледжвае, што тавары з мытным коштам да 150 еўра і вагой не больш за 10 кг будуць абкладацца зборам у 10 еўра. Калі мытны кошт пасылак перавышае 150 еўра, а вага — больш за 10 кг, тады збор складзе 10 еўра плюс 30% ад мытнага кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кг вагі.

Таксама плануецца разглядзець і магчымасць зніжэння парога бязмытнага інтэрнэт-гандлю з цяперашніх 1000 еўра да 150 еўра. Вага бязмытных пасылак пры гэтым абмяжуецца 10 кг. Для тых, хто ўкладваецца ў ліміт пасылак, ЕЭК хоча ўвесці фіксаваны збор — 25 еўра. Пры перавышэнні гэтага ліміту заплаціць прыйдзецца і збор, і мытныя пошліны.

Фота: YAY/TASS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі