НАК адказаў наконт непрызнання выбараў Віктара Лукашэнкі
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі адрэагаваў на рашэнне МАК падоўжыць санкцыі ды не прызнаваць Віктара Лукашэнку новым прэзідэнтам НАК.
Як распавядала Еўрарадыё, Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў ні выбары Віктара Лукашэнкі на пасаду старшыні НАК, ні паўнамоцтвы Дзмітрыя Баскава як чальца выканкама НАК.
"Пазіцыю МАК адносна “непрызнання абрання Віктара Лукашэнкі новым прэзідэнтам НАК Беларусі і Дзмітрыя Баскава — чальцом выканкама НАК” лічым абсалютна неабгрунтаванай", — гаворыцца ў заяве НАК.
У Мінску рашэнне МАК назвалі палітычным і заявілі, што яно парушае прынцып "спорт па-за палітыкай".
"Дзеянні Міжнароднага алімпійскага камітэта не маюць пад сабой доказнай базы, заснаваныя на суб'ектывізме і палітыцы "двайных стандартаў", наносячы тым самым шкоду рэпутацыі алімпійскага руху на міжнароднай спартыўнай арэне", — абураюцца ў НАК.
Таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт падкрэслівае, што заява МАК не будзе падставай спыніць паўнамоцтвы ні Віктара Лукашэнкі, ні Дзмітрыя Баскава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.