"Нарач" і "Крыніца" застаюцца: Дзяржстандарт не забараняе этыкеткі на беларускай

"Нарач" і "Крыніца" застаюцца: Дзяржстандарт не забараняе этыкеткі на беларускай

З 1 лютага ў Беларусі дзейнічае тэхнічны стандарт СТБ 1100-2016, з тэксту якога вынікае, што афармленне этыкетак тавараў толькі на беларускай мове забароненае. Толькі на рускай — калі ласка. На рускай і беларускай — калі ласка. А толькі на беларускай — нельга: "Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тексту наносіцца на рускай ці рускай і беларускай мовах", — сказана ў пункце 4.3 тэхстандарту.

Вытворцы забілі трывогу: "беларускамоўныя" тавары цяпер не могуць трапіць у крамы? І што рабіць з ужо надрукаванымі этыкеткамі, на якіх ёсць інфармацыя толькі на беларускай мове?

 

Інфармацыя на рускай мове патрабуецца ў выпадку экспарту ў краіны ЕАЭС, у Беларусі можна на беларускай

 

Еўрарадыё зрабіла запыт у Дзяржстандарт, які супакойвае: знішчаць этыкеткі не трэба. "Палажэнні згаданых ТР ТС 022/2011 ды СТБ 1100-2016, які рэалізуе яго патрабаванні, а таксама патрабаванні іншых абавязковых тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза на асобныя віды харчовай прадукцыі, не забараняюць выкарыстанне беларускай мовы пры ўказанні інфармацыі для спажыўцоў", — адзначылі ва ўстанове ў адказ на запыт Еўрарадыё.

"Этыкеткі, вырабленыя і якія яшчэ будуць вырабленыя, з тэкстам інфармацыі толькі на беларускай мове могуць ужывацца на тэрыторыі нашай краіны, — дадаюць у Дзяржстандарце. — Але пры гэтым трэба памятаць і пра спажыўцоў, якія наведваюць нашу краіну і не валодаюць беларускай мовай, але хацелі б ведаць склад прадукту, умовы захоўвання і рэкамендацыі па выкарыстанні перад тым, як яго набыць. У такім выпадку інфармацыю на рускай мове рэкамендуецца размяшчаць не на этыкетцы, а на лісце-ўкладцы, улётцы і г.д., якія дадаткова даюцца арганізацыям гандлю і імі — спажыўцу пры яго патрабаванні".

Але інфармацыя на рускай мове ў абавязковым парадку патрабуецца ў выпадку экспарту прадукцыі ў любую з краін ЕАЭС, тлумачаць у Дзяржстандарце:

"Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што патрабаванняў датычна пэўнай мовы пры нанясенні прыдуманай назвы харчовай прадукцыі пры яе маркіроўцы (напрыклад, вада "Нарач", піва "Крыніца" і г.д.) ні ТР ТС 022/2011, ні СТБ 1100-2016 не ўводзяць. Такія назвы могуць быць указаныя на беларускай мове і не патрабуюць перакладу на рускую мову".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі