Еўрарадыё спытала ў стваральнікаў ШІ-радыё, калі нас заменяць робаты
ШІ-радыё
Беларускія распрацоўшчыкі стварылі першае беларускамоўнае радыё на аснове штучнага інтэлекту. Рэдакцыя Еўрарадыё ажно прыўстала: гэта што, і нас ужо замяняюць на ШІ-мадэлі?!
Насамрэч у эфіры такога радыё штучны інтэлект пакуль проста ставіць беларускія песні і расказвае пра іх слухачам. Дадаваць навінавую павестку распрацоўшчыкі пакуль не плануюць — а вось казкі для дзяцей у вячэрнім эфіры хутка могуць з'явіцца.
Мы пагаварылі са стваральнікам радыё Георгіем Качаноўскім пра тое, навошта яны гэта зрабілі, — і пра тое, калі ШІ заменіць Змітра Лукашука.
"І ў нас атрымаўся паўтарагадзінны эфір з 15 песень"
— Навошта беларусам першае беларускамоўнае ШІ-радыё? Карацей, навошта вы гэта зрабілі?
— Наша галоўная матывацыя — атрымаць досвед працы са штучным інтэлектам на рэальным праекце. Другая матывацыя — падтрымаць беларускую культуру і мову. І зрабіць гэта з мінімальнымі выдаткамі.
Карацей, хацелася злучыць цікаўнасць да сферы штучнага інтэлекту і карысць для людзей. Зрабіць не нейкі праект у стол, а праект для людзей.
Мне хочацца, каб беларуская культура квітнела, каб людзі вучылі беларускую мову. Мы пакуль не ведаем, ці будзе наша радыё для гэтага карысным інструментам, але хочам даведацца.
— Колькі песень у вашым плэйлісце? І ці ў курсе артысты, што іх трэкі прайграюцца на ШІ-радыёстанцыі?
— У курсе. Я сеў і накідаў плэйліст з трэкаў, якія мне падабаюцца. Напісалі аўтарам. Некаторыя адказалі, што так, мы дазваляем, выкарыстоўвайце нашы кампазіцыі. А нехта сказаў — не, лепш не трэба. Такія песні мы замянілі. Але ў цэлым усё адрэагавалі станоўча. І ў нас атрымаўся паўтарагадзінны эфір з 15 песень.
Пакуль гэта некамерцыйны праект. Але калі мы зробімся паўнавартасным радыё, думаю, будзем падключаць сэрвісы накшталт Spotify, які працуе з аўтарамі наўпрост і дае ім адлічэнні ад выкарыстання іх кампазіцый. А мы будзем плаціць гэтаму сэрвісу, бо дамаўляцца з аўтарамі асабіста даволі складана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.