Электронная віза ўводзіцца ў Беларусі
Беларуская віза, ілюстрацыйнае фота
Урад Беларусі ўнёс змены ў візавыя правілы. Адным з новаўвядзенняў стала электронная віза.
Адпаведная ўрадавая пастанова была падпісаная 16 снежня і апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Электронная віза пачне дзейнічаць праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
Выдаваць электронныя візы будуць у аперацыйнай сістэме "Консул". За паслугу з заяўнікаў будуць браць плату.
Атрымаць беларускую электронную візу змогуць грамадзяне абмежаванага пераліку краін — у спісе іх 67. Візы будуць аднаразовымі і індывідуальнымі. Тэрмін іх дзеяння будзе не большы за 30 сутак. Звесткі пра асобаў, якія падарожнічаюць разам, у такія візы ўносіцца не будуць.
Электронныя візы будуць мець наступныя катэгорыі ў залежнасці ад мэты паездкі:
дзелавая паездка;
удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках;
прыватныя справы;
турызм.
Дарэчы, прэзентацыя электроннай візы адбылася на выставе "ТІБО" ў 2022 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.