Народная моладзевая гульня стане гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Народная моладзевая гульня стане гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Народная моладзевая гульня “Яшчур” вёскі Гута Варапаеўскага пасялковага савета на Віцебшчыне ўвойдзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паведамляе БЕЛТА.

Прапанову ўхваліла Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі. Гульня “Яшчур” (па-мясцоваму “Яшчар”) была шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне. У 2012 годзе яе аднавілі ўдзельнікі фальклорнага гуртка Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра.

Напачатку гульні абіраюць вядоўцу — хлопца-Яшчара, якога пераапранутым саджаюць у цэнтры. Вакол Яшчара ў карагодзе ідуць дзяўчаты з песняй. Яшчар абірае сабе дзяўчыну, з якой здымае вянок або хустку. Каб вярнуць сваю рэч, дзяўчына павінна выканаць просьбу Яшчара — напрыклад, не засмяяцца, калі ён смяшыць, або праспяваць яму песню. Гульню звычайна ладзілі на Каляды, Купалле, а таксама на велікодным тыдні.

Мяркуецца, што этнаграфічныя вечарыны з народнымі гульнямі і аўтэнтычным музычным суправаджэннем змогуць прывабіць у Гуту турыстаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі