Народны дэпутат Украіны назваў магчымых кіраўнікоў вызваленых тэрыторый Беларусі
Украінскія вайскоўцы
Кантроль над вызваленымі ўкраінскім войскам тэрыторыямі Беларусі павінен узяць "сімбіёз" з беларускіх палітыкаў у выгнанні і прадстаўнікоў лукашэнкаўскай сістэмы сярэдняга звяна. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё агучыў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, сябра партыі "Слуга народа" Алег Дунда.
Раней ён заявіў пра неабходнасць перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Беларусі, акрамя Курскай і Бранскай абласцей Расіі.
"У цяперашняй сітуацыі гэта будзе нешта накшталт сімбіёзу палітычнага кіравання з тых беларусаў, якія ў выгнанні (штаб Ціханоўскай, Радзіна і іншыя, такіх людзей дастаткова шмат), і прадстаўнікоў лукашэнкаўскай сістэмы сярэдняга звяна, якія проста будуць адказваць за ўтрыманне, гаспадарчае кіраванне гэтых тэрыторый. Гэта значыць, палітычнае кіраванне будзе займацца ўсталяваннем новых працэдур і стандартаў новых сістэм кіравання, а таксама прадстаўніцтвам на Захадзе ў партнёраў. А непасрэдна, прашу прабачэння, кіраваннем каналізацыяй, добраўпарадкаваннем, хутчэй за ўсё, будзе займацца частка існай лукашэнкаўскай сістэмы, якая фактычна прысягне на вернасць новай Беларусі", — лічыць Дунда.
Украінскі дэпутат таксама сказаў, што Кіеў будзе вітаць прыезд Святланы Ціханоўскай для абмеркавання розных пытанняў. Паводле яго слоў, неўзабаве адбудзецца закрытае пасяджэнне, на якім будуць прысутнічаць прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў і, у тым ліку, будзе падымацца пытанне пра ўваход украінскага войска ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.