Насупраць амбасады Беларусі ў Літве адкрылі фрэску ў гонар Алеся Бяляцкага
У цырымоніі адкрыцця паўдзельнічалі і прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай / @tsikhanouskaya
У Вільнюсе насупраць будынка беларускай амбасады адкрылі фрэску ў гонар праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Цырымонія прайшла сёння. У ёй паўдзельнічалі сябры і калегі Бяляцкага, а таксама прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай — яе дарадца Франак Вячорка і юрыстка Офіса Крысціна Рыхтэр.
Партрэт Бяляцкага размясцілі на фасадзе прагімназіі Сіманаса Даўкантаса. Праект быў ініцыяваны Міністэрствам замежных спраў Літвы. Калегі Бяляцкага падтрымалі ідэю, а намалявалі мурал мастакі з лабараторыі "Kiaurai sieńs" і калектыву "Gyva Grafika".
Алесь Бяляцкі ўжо каля паўтара года знаходзіцца ў зняволенні. Яго затрымалі ў ліпені 2021 года. Праваабаронцу абвінавачваюць у кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе пра дапамогу ўдзельнікам пратэстаў з аплатай штрафаў і адвакатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.