Навальнага выводзілі з комы з дапамогай запісу, які "зліў" Лукашэнка
Расійскага відэаблогера і апазіцыянера Аляксея Навальнага ў берлінскай клініцы выводзілі з комы ў тым ліку і з дапамогай запісу, які "зліў" Аляксандр Лукашэнка. Гэтую гісторыю ў інтэрв'ю відэаблогеру Юрыю Дудзю расказала Юлія Навальная. Пасля атручвання "Навічком" Навальны толькі пачаў выходзіць з комы і яшчэ не мог размаўляць.
Навальная: "І я яму стала паказваць перамовы, якія "зліў" Лукашэнка, перамовы Польшчы…".
Дудзь: "Майка і Ніка?".
Навальная: "Так, Польшчы з Германіяй. І ў нейкі момант ён пачаў смяяцца. Тады я зразумела, што як бы, напэўна, мы яшчэ пазмагаемся".
У пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра "перахоп" беларускай разведкай тэлефонных перамоваў нейкіх абанентаў з Берліна і Варшавы. З іх гутаркі нібыта вынікала, што справа з атручваннем Навальнага з'яўляецца фальсіфікацыяй. Аднак ніхто не паверыў у праўдзівасць гэтай "гутаркі" і "стужкі Лукашэнкі" сталі прычынай з'яўлення шматлікіх мемаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.