Наведвальнікі сайта Вярхоўнага суда не давяраюць беларускай сістэме правасуддзя?
Наведвальнікі сайта Вярхоўнага суда Беларусі не давяраюць айчыннай сістэме правасуддзя. З тых, хто ўжо паўдзельнічаў у апытанні, пра гэта заявілі больш за 97%. Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова сцвярджае, што "напісаны кімсьці скрыпт і ідзе накрутка".
У каментары Еўрарадыё Ляскова кажа, што гэта не першае падобнае апытанне на сайце, мэта якіх — паляпшэнне працы судоў. Апытанне аб даверы беларускай сістэме правасуддзя толькі пачалося і яно працягнецца да канца года.
Ляскова: "Мы апрабуем у судах такую методыку апытання, як анкетаванне наведвальнікаў судоў і паралельна з апытаннем на сайце ў нас праводзіцца анкетаванне. За гэты год мы правялі анкетаванне наведвальнікаў дзесяці судоў. З пяці судоў ужо прыслалі па 100 анкет. Я правяду пэўную працу па аналізе гэтых анкет і агульныя вынікі мы будзем параўноўваць. Таму не трэба ўспрымаць гэтае апытанне, як нешта адзінкавае, унікальнае. Гэта праца па вывучэнню грамадскай думкі".
Гэтыя вынікі будуць вывучацца кіраўніцтвам Вярхоўнага суда, іншых судоў, ды прымацца пад увагу.