Не менш за трое беларусаў чакаюць экстрадыцыі з Расіі па справах аб пратэстах

Адзін з затрыманых беларусаў, якім пагражае экстрадыцыя, чэмпіён свету па кікбоксінгу Аляксей Кудзін / Фота з сацсетак​
Адзін з затрыманых беларусаў, якім пагражае экстрадыцыя, чэмпіён свету па кікбоксінгу Аляксей Кудзін / Фота з сацсетак​

Не менш за трое грамадзян Беларусі чакаюць экстрадыцыі з Расіі на радзіму ў сувязі з крымінальнымі справамі аб пратэстах, паведамляе БелаПАН са спасылкай на кіраўніка прававых праграм Маскоўскай Хельсінкскай групы Рамана Кісялёва.

"На дадзены момант Генеральная пракуратура РФ вынесла ўжо тры пастановы аб выдачы беларускіх грамадзян", — сказаў ён.

Праваабаронцы спрабуюць абскардзіць гэтыя рашэнні. Экстрадыцыі чакаюць член страйкама "Беларуськалія" Андрэй Прылуцкі (затрыманы ў снежні, яго абвінавачваюць паводле арт. 364 КК РБ —"Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў"), Андрэй Казіміраў (арт. 293 — "Масавыя беспарадкі") і чэмпіён свету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін.

Кудзіна ў Беларусі абвінавачваюць па артыкуле "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў" (арт. 363 КК), яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Суд аб яго магчымай экстрадыцыі ў Беларусь павінен быў адбыцца на мінулым тыдні, але не быў гатовы дакумент з МЗС Расіі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Працэс перанеслі на 25 чэрвеня.

Усяго ж, паводле дадзеных расейскіх праваабаронцаў, з снежня ў Расіі былі затрыманы сямёра беларускіх фігурантаў крымінальных спраў аб пратэстах. Шасцёра з іх знаходзяцца пад вартай. Сёмы, адміністратар чата "Ліда для жыцця" Мікалай Давідчык, быў вызвалены ў красавіку пасля таго, як Генпракуратура РФ прыняла пастанову аб адмове ў экстрадыцыі.

Чацвёра затрыманых знаходзяцца ў маскоўскіх ізалятарах, двое — у СІЗА Санкт-Пецярбурга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі