Стала вядома, за што затрымалі ў Маскве адміністратара чата "Ліда для жыцця"
У Беларусі ў дачыненні да адміністратара чата "Ліда для жыцця" распачатая крымінальная справа
Затрыманага ў Маскве Мікалая Давідчыка падазраюць у закліках да ўдзелу ў масавых беспарадках у Расіі, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах Расіі.
Пра затрыманне ў Маскве адміністратара чата "Ліда для жыцця" Давідчыка стала вядома напярэдадні. Паведамлялася, што ён затрыманы па патрабаванні Генпракуратуры Беларусі.
"Давідчык затрыманы па падазрэнні паводле ч. 3 арт. 212 КК РФ (заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках). Ён грамадзянін Беларусі і вядомы на радзіме як адміністратар апазіцыйнага чата "Ліда для жыцця", — паведамілі ў праваахоўнікавых органах Расіі.
Там таксама пацвердзілі, што ў Беларусі Давідчык знаходзіцца ў вышуку.
"Згодна з матэрыяламі, якія паступілі ў суд, у Беларусі ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 мясцовага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)", — расказалі ў Бутырскім судзе Масквы. Сюды ўжо паступіла хадайніцтва аб абранні Давідчыку меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Беларуская дыяспара ў Маскве сочыць за лёсам актывіста — яму ўжо знайшлі адваката.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.