Аўто Валерыя Цапкалы арыштавалі ў Еўропе, бо яно трапіла ў базу Інтэрпалу

Валерый Цапкала ў аўтамабілі, які арыштоўвалі на мяжы

Валерый Цапкала ў аўтамабілі, які арыштоўвалі на мяжы / тг-канал Цапкалы

Аўтамабіль экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі Валерыя Цапкалы арыштавалі на албанска-грэчаскай мяжы. Выявілася, што машыла лічыцца ў базе Інтэрпала. Пра гэта Цапкала расказаў у сваім тг-канале.

Цапкала здолеў забраць машыну са штраф-стаянкі на мяжы. Ён мяркуе, што ў базу вышуку Інтэрпалу яго аўтамабіль унёс рэжым Лукашэнкі: "Для ўсіх нас зразумела, хто ўнёс гэтую машыну ў базу звестак Інтэрпалу, хто мае доступ".

Цапкала заяўляе, што інцыдэнт з яго аўтамабілем парушае арт. 3 Статута Інтэрпалу. Гэты артыкул забараняе выкарыстоўваць сістэму чырвоных апавяшчэнняў для пераследу па палітычных, рэлігійных або расавых матывах. Палітык кажа, што звяртаўся ў міжнародныя арганізацыі (у тым ліку ААН) з прапановай спыніць практыку выкарыстання чырвоных апавяшчэнняў Інтэрпалу, бо яны супярэчаць прэзумпцыі невінаватасці.

Таксама Цапкала кажа, быццам напісаў у Інтэрпал ліст з патрабаваннем выключыць Беларусь са складу гэтай арганізацыі альбо прыпыніць яе ўдзел да змены ўлады.

Ён прапануе абодва гэтыя пытанні абмеркаваць на бліжэйшай канферэнцыі Інтэрпалу ў Глазга, дзе збяруцца кіраўнікі міністэрстваў унутраных спраў краін-удзельніц.

Цапкала не першы беларускі палітуцякач, які сведчыць, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпал для пераследу палітычных праціўнікаў. Паводле запыту РБ праз Інтэрпал у Сербіі год таму быў затрыманы рэжысёр Андрэй Гнёт, які правёў сем месяцаў у турме, а потым амаль паўгода судзіўся супраць высылкі ў Беларусь. Днямі яму ўдалося перабрацца ў Варшаву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі