Польшча плануе ліміт на колькасць замежных студэнтаў у ВНУ
Навучальная аўдыторыя, ілюстрацыйнае фота
Урад Польшчы плануе новыя абмежаванні для замежных студэнтаў. Раней паведамлялася, што для іх пастрожаць візавую сістэму.
Цяпер іх колькасць не зможа перавышаць палову ад усіх студэнтаў ВНУ, піша MOST са спасылкай на польскую Gazeta Prawna. У тыя ўніверсітэты, дзе ужо цяпер замежных студэнтаў больш за палову ўсіх навучэнцаў, новыя замежнікі не змогуць паступіць, пакуль прапорцыя не дасягне дазволеных межаў.
А ўніверсітэтам, якія не вядуць навуковай дзейнасці, трэба будзе атрымліваць дазвол МУС на прыём замежных студэнтаў. Гэта тлумачыцца тым, што звычайна з такіх ВНУ пасля першага года навучання адлічваюць больш замежных студэнтаў, чым з акадэмічных.
Кантроль за замежнікамі, якія прыязджаюць у Польшчу па замежных візах, таксама будзе ўзмоцнены. Орган, які выдаў візу, абавязаны будзе інфармаваць пра гэта рэктара ВНУ, дзе плануе вучыцца іншаземец.
Усе гэтыя меры выкліканыя "візавым скандалам" у Польшчы. Падчас яго высветлілася, што многія маладыя людзі падавалі заявы на студэнцкія візы, але нават не планавалі навучацца. Такія візы даюць магчымасць уладкавацца на працу ў ЕС без атрымання дазволу на працу. Фіктыўныя "студэнты" нават не пачыналі вучыцца. Некаторым універсітэтам такая схема была выгадная, бо гарантавала плату за год навучання.
Дарэчы, у 2023/24 навучальным годзе 13 польскіх ВНУ мелі ў сябе больш за палову студэнтаў-замежнікаў. Напрыклад, у Вышэйшай школе кіравання і адміністрацыі ў Аполе доля замежнікаў сярод студэнтаў складала 61%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.