Смачныя прадукты і таннае жыллё: як рускамоўныя жыхары Еўропы бачаць Беларусь

Брама Мінска

Брама Мінска / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Група ў Тэлеграме, дзе абмяркоўваюць пераезд у Беларусь, сабрала больш за 3,5 тыс. падпісчыкаў. Рускамоўныя ўдзельнікі суполкі жывуць у розных краінах, але пераехаць хочуць у адну (вы яе ведаеце).

"Крок ў нешта новае — заўсёды страшна. Але Беларусь — ❤️", — піша адна з карыстальніц чата.

"Уявіце! У Мінску я з 30 рублямі магу зрабіць вячэру і купіць прадукты на сняданак. А ў Латвіі за гэтыя грошы я магла толькі галаву памыць", — піша іншая ўдзельніца чата, разглядаючы цэны ў адной з беларускіх крам бытавой хіміі.

"Я ў гэты чат патрапіў, таму што задумаўся пра эміграцыю ў РБ. І, калі шчыра, вельмі афігеў, што людзі едуць не з РФ і краін СНД, а з Усходняй Еўропы. Што тут адбываецца?!" — загаласіў, не вытрываўшы, адзін з удзельнікаў чата. І мы следам за ім.

Карэспандэнтка Еўрарадыё перачытала перапіскі ўдзельнікаў за некалькі месяцаў, спрабуючы высветліць, чым іх прывабіла Беларусь.

 

Адкуль едуць?

Больш за ўсё паведамленняў у групе пакінулі рускамоўныя жыхары Латвіі.

"Мяне пасля Латвіі ўжо нічога не пужае! Беларусь натхняе так, што ўсе перашкоды — нішто!" — піша адна карыстальніца.

"Так бывае, калі чужыя людзі падаюць руку дапамогі, а свае крыўдзяць. І чужыя становяцца раднейшымі за сваіх. Асабіста ў мяне адчуванне, што я не пераехаў, а быццам вярнуўся. Адным махам пазбавілі радзімы ў 90-х, потым — метадычна прэсавалі. Радзіма там, дзе на душы цёпла", — піша іншы.

Вкусные продукты и дешёвое жильё: как русскоязычные жители Европы видят Беларусь
Беларусь / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

А адзін з карыстальнікаў вельмі лірычна апісвае свой дом у Віцебскай вобласці.

Чатыры крамы, школа, дзіцячы сад, клуб, музычная школа, сельсавет, рэчка ў 700 метрах, лес грыбны і ягадны. Домік, вядома, патрабуе рэнавацыі, але некрытычна. Лазенка таксама ёсць, але трэба рамантаваць, аднаўляць. Сажалка ёсць. Калодзеж з суперчыстай вадой. Рай.

Але адзінокіх жанчын, якія таксама падшукваюць сабе домікі ў беларускай вёсцы, ад гэтага раю ў чаце адгаворваюць:

Я так скажу. Дом варта купляць, калі вы плануеце там чымсьці займацца. Маліну садзіць, курэй разводзіць ці нешта падобнага кшталту. Іначай прасцей кватэру. Дом пастаянна патрабуе ўвагі. І гэта нятанна.

Наогул у чаце вельмі сяброўская атмасфера. Людзі абмяркоўваюць, у які раён Беларусі лепш пераязджаць, дапамагаюць адзін аднаму разбірацца з нюансамі беларускага заканадаўства і з тым, як рамантаваць вясковыя домікі. Часам дзеляцца рэцэптамі.

Некаторыя госці чата заходзяць у яго, таму што абдумваюць пераезд з Расіі. І не разумеюць, што ў чаце робяць тыя, хто акурат зараз жыве ва Усходняй Еўропе. Навошта?! Навошта вы едзеце ў Беларусь?

Прадукты смачнейшыя, людзі дабрэйшыя, цэны ніжэйшыя, стабільная дзяржпалітыка, школа без гейпрапаганды і дае больш якасныя веды дзецям, няма пераследу за мову, — кажуць фанаты Беларусі.

І між іншым адзначаюць важны для расіянаў нюанс: калі вы не грамадзянін, а проста маеце від на жыхарства, то вас не прызавуць у войска. Але недагаворваюць, што вас таксама могуць вярнуць у Расію — Еўрарадыё вядомыя выпадкі, калі расіянаў, якія беглі ад позваў, здымалі з самалёта і перадавалі Крамлю.

 

У сям'і з заробкам па 800 рублёўдва аўто. Як?!

Але не ўсе хочуць пераязджаць у аграгарадок і першым пунктам на сваім шляху выбіраюць Мінск. І расчароўваюцца: у Мінску ўсё неяк зусім нятанна. Такім раяць "ад'ехаць ад Мінска" і пашукаць аграгарадок ці райцэнтр.

Я здымаў хату ў Полацку за 100 еўраў, у самім горадзе — і 200 еўраў выдаткаваў на месяц на ежу, яшчэ і пару рэчаў купіў.

Але многія згаджаюцца: не варта зачароўвацца Беларуссю, калі проста прыехаў ненадоўга як турыст.

Вы прыязджаеце з Еўропы ў вялікіх ружовых акулярах. Са сваімі вялікімі грашыма. А жыць тут вы будзеце на беларускую зарплатку. І гэта вы ўсведамляеце праз нейкі час, — папярэджваюць у чаце.

Вкусные продукты и дешёвое жильё: как русскоязычные жители Европы видят Беларусь
Беларусь / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Але ёсць тыя, хто не пагаджаецца:

Я без ружовых акуляраў. Але я разумею, што ў Эстоніі не куплю кватэру. А кошт арэнды расце. І які сэнс? Я працую, каб проста аплачваць рахункі. У Беларусі ёсць магчымасць жыць крышачку лепш. Купіць дом і працаваць далей, толькі жывучы ў сваім доме і з цэнамі ніжэйшымі. Хіба гэта не лепш?

Многіх у чаце хвалявала пытанне, як беларусам удаецца купляць "айфоны і айвотчы" на беларускія заробкі, але ён застаўся без адказу. Самая частая здагадка, на якой сыходзіліся ўдзельнікі дыскусіі: "Проста Беларусь — гэта іншы свет".

Проста беларусы жывуць па сродках, і гэтаму яны вучацца дзесяцігоддзямі, гэта нашая нацыянальная фішка, — адказвае адзін з беларусаў у чаце. — У сям'і з заробкам па 800 рублёў — два аўта, і на адпачынак ездзяць за мяжу.

Сто працэнтаў, — адказваюць у чаце. — Так, як умеюць жыць беларусы, не можа больш ніхто. Не перастаю гэтаму здзіўляцца ўжо шмат гадоў.

Чым хочуць займацца экспаты? Некаторыя ўдзельнікі групы плануюць не проста пераехаць, але і што-небудзь зрабіць для "нейбархуда". Увогуле, удзельнікі чата якраз і раяць адзін аднаму прыязджаць з планамі "што-небудзь зрабіць", таму што беларускі заробак можа не спадабацца.

Хтосьці хоча стварыць міні-парк казак. Карыстальніца цікавіцца, ці можна ў Беларусі купіць домік з участкам і на яго тэрыторыі рэалізаваць такую ідэю. У парку яна плануе ладзіць святы, праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых і абсталяваць міні-кафэ.

А хтосьці — працаваць на зямлі. Людзі дзеляцца адзін з адным здымкамі сваіх прысядзібных участкаў і кажуць, што хочуць працягваць разводзіць сабак (курэй, кароў) і ў Беларусі.

 

Беларускія прадукты

З голаду вы ў Беларусі не памрэце дакладна. Мясцовыя прадукты тут каштуюць вельмі нядорага, — абяцаюць старажылы чата новенькім.

Прадукты харчавання ў Беларусі — проста пушка. Я яшчэ дом купіў у сяле, так у нас пішаш, якія прадукты хочаш, і малочку або мяса сяляне прама дадому прывозяць, — нахвальвае іншы ўдзельнік.

А што экспаты думаюць пра беларускі зефір? Прысядзьце.

Некаторыя ўдзельнікі чата, якія пераехалі з Латвіі, кажуць, што... латвійскі зефір лепшы за беларускі! Затое цэняць беларускі мармелад.

Беларускі мармелад — гэта нешта нейкае!

Але фанаты Беларусі любяць не толькі беларускі мармелад, але і беларускі фастфуд.

Абмяркоўвалі тут са сваякамі, дзе ў Латвіі самыя смачныя бургеры. І тут гучыць мая фраза: у Латвіі?! Нідзе! Вы ў Беларусі не каштавалі! Я пасля таго, як у Віцебску пакаштавала бургера з натуральных прадуктаў, больш тут іх есці не магу, — нахвальвае адна з карыстальніц чата.

Сапраўды, дарэчы, Еўрарадыё параўноўвала сапраўдны гамбургер і бургер з беларускага аналага "Макдональдс". Мы не хочам ні ў чым пераконваць заўсёднікаў чата, але нашыя шалі схіліліся не на карысць беларускага бургера.

Сапраўдны Mcdonald's супраць "Мак.бай": дзе менш мяса? Параўноўваем гамбургеры

 

Куды ехаць?

Навічкі чата часта пытаюцца ў старажылаў, які горад Беларусі лепш выбраць для жыцця.

"Які горад можаце параіць сям'і з двума дзецьмі? Каб было спакойна і не занадта дорага. Набыць невялікі домік і спакойна жыць. Разглядаем пераезд, але не ведаем, які горад. У вялікі горад не хочам", — агучвае чарговы падобны запыт адна з карыстальніц чата.

Ёй раяць прыгледзецца да Кобрына (таму што "чалавек з Падмаскоўя яго хваліў").

Сярод іншых рэкамендацый — Маладзечна, Жодзіна. Хваляць Баранавічы.

Буйны чыгуначны вузел. Буйны прамысловы цэнтр. Ад Мінска не вельмі далёка. Ёсць нават свой універсітэт. Пры гэтым — раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. Цэны таннейшыя, чым у Мінску ці Брэсце.

А клімат асабліва хваляць у Мазыры.

 

Ідэалогія чата (усё складана)

Нягледзячы на вялікую актыўнасць у чаце, рэцэпты там публікуюць нашмат часцей, чым палітычныя мемы. Ды і мемы актывізуюцца ў асноўным перад нейкімі палітычнымі падзеямі — ну, напрыклад, выбарамі ў ЗША.

"Усе проста альбо сваімі справамі займаюцца, альбо проста-такі хочуць спакою ад палітоты, таму што яе хапае ірл [у рэальным жыцці. —  Еўрарадыё] і многія ад яе ўжо тым ці іншым чынам пацярпелі", — тлумачыць відочную апалітычнасць чата адна са сталых наведніц.

Але часам "без палітыкі" ўсё ж не абыходзіцца. Напрыклад, калі ў чат заходзяць зусім ужо нечаканыя госці.

Напрыклад, адзін з карыстальнікаў — расіянін, але жыве ў ЗША. Асімілявацца ў Штатах не ўдаецца, а дадому вярнуцца ён не можа праз антываенную пазіцыю. І таму разглядае магчымасць пераехаць у Беларусь.

"Я не магу вярнуцца ў РФ. Я вернік-хрысціянін і прытрымліваюся антываеннай пазіцыі, таму разглядаю магчымасць пераехаць у Беларусь", — піша ён.

Тут жа некалькі карыстальнікаў накідваецца на яго з заявай аб тым, што "Беларусь і Расія па адзін бок".

"Наўрад ці вам Беларусь спадабаецца. Беларусь і Расія — гэта адзін погляд на пэўныя рэчы. І так, у бацькі не забалуеш зусім, гэта не Расія", — кажуць карыстальнікі.

Часам у чат прыходзяць "спачувальныя" праекты, якія займаюцца вяртаннем расіянаў у РФ. Так, праект "Путь домой" запрашаў членаў групы паўдзельнічаць у віктарыне на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

"Былі б вельмі рады ўбачыць удзел і нашых братоў з Беларуссіі, і тых, хто толькі збіраецца туды пераехаць. Галоўны прыз — паездка ў горад-герой Масква", — агучвалі арганізатары правілы гульні.

Перад выбарамі ЗША пасыпаліся мемы з Пуціным і/або Трампам, але рэцэптаў з гарбузом усё роўна больш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі