Страйковец "Беларуськалію", затрыманы ў Пецярбургу, папрасіў прытулку ў Расіі
Сябра страйкама "Беларуськалію" Андрэй Прылуцкі папрасіў палітычнага прытулку ў Расіі. Пра гэта піша "Новая газета" са слоў яго адваката Андрэя Федаркова.
"Ён мае намер прасіць прытулку, бо яго крымінальны пераслед абумоўлены яго ўдзелам у страйкавым руху і носіць палітычны характар", — кажа адвакат.
Як распавядала Еўрарадыё, электраслесара Прылуцкага затрымалі ў пецярбургскім аэрапорце "Пулкава" па хадайніцтве беларускіх уладаў 29 снежня. На радзіме 38-гадовага мужчыну падазраюць ва ўжыванні гвалту супраць двух міліцыянтаў Салігорска ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Сам Прылуцкі кажа, што 9 жніўня яго збілі невядомыя мужчыны ў балаклавах, ад якіх ён спрабаваў абараніць свайго знаёмага. Мужчына падкрэслівае, што людзі без знакаў адрознення пачалі ўжываць гвалт у Салігорску задоўга да пачатку мітынгу.
Прылуцкага збілі і ў кайданках з рукамі за спінай прывезлі ў пастарунак. Там, па словах адваката, міліцыянты не маглі знайсці ключ ад кайданкоў, таму мужчына правёў так некалькі гадзін, у яго занямелі рукі.
Суд асудзіў Прылуцкага на 15 сутак за ўдзел у мітынгу, які пачаўся праз некалькі гадзін пасля яго затрымання. Потым на салігорца пачалі справу па гвалце супраць міліцыянтаў.
Прылуцкі далучыўся да страйкама. А ў снежні 2020-га яму выставілі абвінавачванне ва ўжыванні гвалту супраць міліцыянтаў. Пасля гэтага ён з'ехаў у Расію, але там яго затрымалі.
У Салігорску ў Прылуцкага засталіся жонка і тры непаўналетнія сыны.
Як мяркуе адвакат, разгляд заявы аб прытулку (з улікам апеляцый у выпадку адмовы) зойме не менш за чатыры месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.