Страйкоўца "Беларуськалія" затрымалі ў Расіі па запыце з Беларусі

Страйкоўца "Беларуськалія" затрымалі ў Расіі па запыце з Беларусі

У расійскім Санкт-Пецярбургу па запыце з Беларусі затрымалі сябра страйкама "Беларуськалію" Андрэя Прылуцкага. Яго змясцілі ў СІЗА. Пра гэта "Медыязоне" распавёў яго адвакат Андрэй Федаркоў.

Па словах адваката, увечары 9 жніўня электраслесар Прылуцкі заўважыў на вуліцы Салігорска групу людзей у масках, якія білі пажылога мужчыну. Прылуцкі падбег да іх і паспрабаваў абараніць ахвяру, за што яго таксама збілі і затрымалі. Потым суд прызначыў яму 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу ў Салігорску, хаця акцыя пратэсту ў той дзень пачалася толькі праз дзве гадзіны пасля затрымання слесара і ў іншым раёне.

Прылуцкага выпусцілі на волю, калі ён адбыў палову прызначанага тэрміну пакарання. А ў лістападзе яго пачалі выклікаць на допыты па справе пра ўжыванне гвалту да двух супрацоўнікаў міліцыі 9 жніўня. "Адзін з кіруючых работнікаў гараддзела ўнутраных спраў Салігорска і ўчастковы інспектар, які, па словах Прылуцкага, з'яўляецца пацярпелым як мінімум у 20 аналагічных крымінальных справах па 364-м артыкуле", — кажа адвакат.

7 снежня Прылуцкі далучыўся да страйку на "Беларуськаліі" і ўступіў у страйкам. Пасля гэтага ён з'ехаў у Расію, дзе шукаў працу. Мужчына не ведаў, што завочна яму змянілі меру стрымання.

29 снежня Прылуцкага затрымалі ў Пецярбургскім аэрапорце "Пулкава". Ён арыштаваны да 6 лютага ў рамках працэдуры экстрадыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі