Небяспека затрымання актыўных удзельнікаў Плошчы захаваецца да 2020 года

Небяспека затрымання актыўных удзельнікаў Плошчы захаваецца да 2020 года

У Беларусі з’явіўся новы палітзняволены – удзельнік Плошчы-2010 Уладзімір Кондрусь. На думку праваабаронцаў, тэрмін даўнасці здзейсненага Кондрусем 19 снежня 2010 года злачынства мінуў, а значыць, за кратамі ён знаходзіцца незаконна.

Ці сапраўды Кондруся ўтрымліваюць за кратамі незаконна? Крыху гісторыі. Фота маладога чалавека, які нейкай трубой б’е шыбы ў акне Дома ўрада, абляцела СМІ яшчэ ўвечары 19 снежня 2010 года. Ніхто ў ім апазіцыйнага актывіста не прызнаў, на лаве падсудных па выніку падзей той ночы ён не апынуўся. Адпаведна, ужо тады яго, разам з памятным “Навушнікам”, назвалі правакатарам. На акцыі апазіцыі “правакатар з трубой” быў зноў заўважаны толькі праз 5 гадоў – пільныя журналісты “Нашай Нівы” ідэнтыфікавалі яго сярод удзельнікаў Дня Волі-2016. І 14 чэрвеня 2016 года  жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1. Дзе аб’явіў галадоўку.

Небяспека затрымання актыўных удзельнікаў Плошчы захаваецца да 2020 года
Фотакалаж “Нашай нівы”: падзеі 19 снежня 2010 і 25 сакавіка 2016 года.

А што ж там з тэрмінам даўнасці? Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Уладзімір Кондрусь абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса – масавыя беспарадкі. Па словах кіраўніка прэс-службы Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча, ні пра якое сканчэнне тэрміну даўнасці казаць не даводзіцца.

“Гэтае злачынства трапляе пад катэгорыю цяжкіх, а па ім тэрмін даўнасці – 10 гадоў”, – кажа Кабаковіч. 

Да ўсяго, і крымінальная справа аб масавых беспарадках, па якой судзілі удзельнікаў Плошчы, яшчэ не закрытая. Адпаведна, калі абапірацца на літару закона, то ніякіх парушэнняў у затрыманні Кондруся няма. Чаму праваабаронцы лічаць інакш?

“Мы кажам пра тое, што кваліфікацыя не тая – няма там масавых беспарадкаў! Іх і не было, – тлумачыць юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла. – І таму прыцягваць да адказнасці за гэтае злачынства, па гэтай кваліфікацыі нельга. А вось як “групавыя дзеянні” гэта можа кваліфікавацца. Але там тэрміны даўнасці ўжо прайшлі, і тады трэба закрываць справу”.

Сапраўды, шэраг удзельнікаў Плошчы-2010 былі асуджаныя не за “масавыя беспарадкі”, а за “групавыя дзеянні”. Але сёння маем тое, што маем: незакрытая крымінальная справа “Аб масавых беспарадках”, тэрмін даўнасці па якой – снежань 2020 года. Толькі тады актыўныя ўдзельнікі той акцыі пратэсту, што так і не трапілі на лаву падсудных, могуць уздыхнуць свабодна. І такіх людзей шмат, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Некаторыя цалкам могуць паўтарыць гісторыю Уладзіміра Кондруся.

“Я калі праглядаў у судзе відэаматэрыялы па гэтай справе, бачыў, да прыкладу, эпізод з вогнетушыцелем. На відэа бачна, як нейкі дзядок, стары партызан, абдаў АМАПаўцаў з парашковага вогнетушыцеля. У выніку чаго ў некаторых былі зафіксаваныя апёкі дыхальных шляхоў – гэта ўсё ў экспертызе засведчана. І калі зараз, да прыкладу, яго фота нехта змесціць, яго ідэнтыфікуюць, то…” 

Сапраўды, расслабляцца рана. Цікаўлюся наконт справы ў Следчым камітэце.

Сяргей Кабаковіч: “Задача Следчага камітэта – расследаваць крымінальныя справы. Ёсць чалавек, які здзейсніў злачынства. І тут, магчыма, не сам факт моцы пакарання важны, а тое, што хай сабе і праз 10 гадоў, можа, нават і выпадкова, але яго знайшлі. Ёсць злачынства – чалавек павінен адказваць за тое, што ён зрабіў”.

Адна добрая навіна: тыя, хто былі на Плошчы-2010, але ніякіх “актыўных дзеянняў” не рабілі, могуць спаць спакойна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі