Удзельнік Плошчы-2010 Уладзімір Кондрусь асуджаны на 1,5 года абмежавання волі
Удзельнік Плошчы-2010, жыхар Рудзенска Уладзімір Кондрусь асуджаны на 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Гучны працэс праходзіў 26 снежня ў Маскоўскім судзе Мінска. Палітвязня прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "масавых беспарадках", якія адбыліся шэсць гадоў таму. Пракурор прасіла тры гады абмежавання волі. Гэта больш мяккае пакаранне, чым прадугледжана ў адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэксу (ад 3 да 8 гадоў зняволення). Бок абвінавачання абгрунтаваў гэта тым, што ў Кондруся дыягнаставалі "змяшанае расстройства асобы", таму папрасіў прызначыць прымусовае амбулаторнае назіранне і лячэнне.
Суд прыняў рашэнне аб вызваленні Кондруся ў зале суда, але ён у гэты час сядзеў у аўтазаку. Праз некалькі хвілін яго вызвалілі. Таксама асуджанага чакае прымусовы медыцынскі нагляд і лячэнне ў псіхіятра па месцы жыхарства.
Сёння судовы працэс і абвяшчэнне прысуду праходзілі без прысутнасці Кондруся. Было заяўлена, што абвінавачаны катэгарычна адмовіўся ісці ў залу пасяджэння. Пасля гэтага суддзя вырашыла "выдаліць" Уладзіміра Кондруся з пасяджэнняў да канца разгляду справы "за непавагу да суда". Падчас працэсу высветлілася, што Кондрусь адмовіўся ад дачы паказанняў і катэгарычна адмаўляўся размаўляць са следчымі. Было заяўлена, што супрацоўнікі КДБ высветлілі датычнасць мужчыны да падзеяў Плошчы-2010 дзякуючы пастам у сацсетках "Фэйсбук" і "Вконтакте" (раней меркавалася, што на яго выйшлі пасля публікацыі ў "Нашай ніве", якая назвала Кондруся "правакатарам"). Па словах пракурора, ёсць дастаткова відэазапісаў, на якіх відаць, як увечары 19 снежня 2010 года абвінавачаны біў шыбы ў Доме ўраду, а таксама спрабаваў адабраць шчыт у міліцыянера. Спаслаліся і на асабістую перапіску Уладзіміра Кондруся (у тым ліку і праз скайп), якая трапіла ў матэрыялы справы з канфіскаванага камп'ютара і тэлефона.
Як паведамляла Еўрарадыё, на першым пасяджэнні Кондрусь, знаходзячыся ў клетцы, паспрабаваў ускрыць сабе вены. Пасля гэтага працэс быў прыпынены, а самога Кондруся адправілі на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Яшчэ да пачатку суда праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем. За кратамі ён знаходзіўся ад чэрвеня 2016 года.