Ціханоўскага вінавацяць па тым жа артыкуле, што і арганізатараў "Плошчы-2010"

Ціханоўскага вінавацяць па тым жа артыкуле, што і арганізатараў "Плошчы-2010"

9 чэрвеня прэс-служба Следчага камітэта паведаміла ў Telegram пра тое, якія абвінавачанні выстаўленыя блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ 7 затрыманым. Іх вінавацяць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). За гэта прадугледжаны штраф ці арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Дадаткова дзеянні аднаго са згаданых людзей (каго менавіта, не паведамляецца) кваліфікаваны па артыкуле "гвалт у дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" (арт. 364). Максімальнае пакаранне — да 6 гадоў пазбаўлення волі.

У 2006 годзе абвінавачанне па артыкуле 342 было выстаўленае кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, які 25 сакавіка таго года зладзіў марш да ізалятара часовага ўтрымання ў Мінску, дамагаючыся вызвалення затрыманых. У 2011 годзе гэты артыкул ужываўся да палітыкаў, якія былі на плошчы Незалежнасці ўвечары пасля выбараў 19 снежня 2010 года.

Як вядома, 29 траўня ў Гродне падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Ён паспеў заявіць, што адбылася правакацыя — жанчына, асобу якой пасля ўдалося высветліць, задавала правакацыйныя пытанні блогеру, а пасля паскардзілася міліцыянерам, што ён... не адказвае на іх. І сілавікі чамусьці паспрабавалі затрымаць Сяргея Ціханоўскага. Людзі, якія былі побач, абурыліся, пачалася цісканіна. У выніку адзін з міліцыянераў апынуўся на асфальце. Гэта і дало падставу распачаць крымінальную справу. Следства заяўляе пра двух пацярпелых міліцыянераў. Заяўляецца, што было арганізаванае "незаконнае грамадскае мерапрыемства, мітынг", падчас якога адбыліся "групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі".

Разам з Ціханоўскім былі затрыманыя і іншыя людзі (спіс). Затрыманні сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай адбываюцца па ўсёй краіне. Прайшлі ператрусы. На лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага сілавікі знайшлі 900 тысяч долараў. Жонка блогера, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты заявіла. што гэта правакацыя.

Таксама распачата крымінальная справа ў дачыненні неназванай асобы, якая "прымяніла гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт".

Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Прызначаны судова-медыцынскія і іншыя экспертызы.

Такім чынам, Ціханоўскі застанецца за кратамі да дня прэзідэнцкіх выбараў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі