"Некампетэнтныя, зазвяздзіліся": экс-каліновец пра праблемы ў палку Каліноўскага

Беларус-добраахвотнік з пазыўным Зубр / Еўрарадыё
Беларус-добраахвотнік з пазыўным Зубр / Еўрарадыё

Полк Каліноўскага праз некампетэнтнасць свайго камандавання не можа дасягнуць большых вынікаў. Так кажа беларус з пазыўным Зубр — былы каліновец, дасведчаны баец, які змагаецца за Украіну з 2015 года.

У інтэрв'ю Еўрарадыё сябар загінулых добраахвотнікаў Брэста, Літвіна і Волата расказвае пра праблемы ўнутры палка. А яшчэ ён заклікае падтрымаць "міністра абароны" Валерыя Сахашчыка, выказваецца пра байцоў палка "Пагоня" і форумы дэмсіл.

 

"Людзі ў штабе пачалі захопліваць ініцыятыву"

Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Зубр больш за пяць гадоў правёў на перадавой. Ён адзін з тых, хто адыграў значную ролю ў фармаванні батальёна Каліноўскага. У атрадзе беларускіх добраахвотнікаў Зубр навучаў новапрыбылых, займаў камандную пасаду, удзельнічаў у баях.

Еўрарадыё: Ты стаяў ля вытокаў палка. Чаму ты пакінуў яго?

Зубр: Праз колькі часу пасля пачатку вайны мы [ў складзе асобнага падраздзялення] пераехалі на новы кірунак, паўднёвы. Там я і Волат [беларускі добраахвотнік, загінуў] дапаўнялі адзін аднаго, працавалі на перадавой. Я быў начальнікам разведкі, а Волат камандзірам першай роты, у якую ён адабраў сабе людзей.

Дзейнасць штаба батальёна на гэты перыяд выпала з нашага поля зроку. Пакуль мы былі "на перадку", людзі ў штабе пачалі захопліваць ініцыятыву. Першапачаткова, яшчэ з таго моманту, калі загінуў Ілля Літвін, некаторыя людзі пачалі дэструктыўную працу. Яны — абыдземся без імёнаў — пачалі, скажам так, сваркі нейкія, варажнечу: канфлікт з Пракоп'евым, з Бульбай. Яны пайшлі не той дарогай, але я на той момант ваяваў і на ўсё гэта не звяртаў увагі.

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Волат і Зубр / фота з асабістага архіва Зубра

Зубр: Пасля таго як мы інтэнсіўна адпрацавалі на поўдні, я вярнуўся і ўбачыў, што ўся гэтая арганізацыя не вельмі эфектыўна працуе. Людзі, якія на той момант стаялі на чале батальёна, ужо не спраўляліся. Загінулі Волат і Брэст — адны з асноўных лідараў, якіх падтрымлівалі байцы батальёна. Гібель хлопцаў адбілася на мне вельмі сур'ёзна, і ў выніку я адышоў ад спраў.

Да таго часу я ўжо ўбачыў, што пачала ісці не ў тое рэчышча ідэя, з якой мы стваралі падраздзяленне, якой гарэлі байцы. На фоне гэтага я вырашыў памяняць свой вайсковы профіль. Каб не несці нагрузку працы з людзьмі, якія мяне не чуюць і не разумеюць, я пайшоў у інжынерныя войскі.

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Волат (другі злева) і Брэст (трэці злева) загінулі / фота з асабістага архіва Зубра

"Асноўная праблема — некампетэнтнасць"

Еўрарадыё: Ці ёсць цяпер у палку праблемы, праз якія ты сышоў?

Зубр: Асноўная праблема — гэта абсалютная некампетэнтнасць і адсутнасць досведу службы ва Узброеных сілах Украіны ў тых людзей, якія цяпер спрабуюць руліць і нешта вырашаць. Яны некампетэнтныя і не разумеюць, як камандаваць на пасадах, вышэйшых за ўзровень аддзялення ўзвода. Можна сказаць, што некаторыя з іх, напэўна, зазвяздзіліся.

Я не скажу, што гэта дрэнныя людзі. Гэта добрыя хлопцы, я многіх з іх ведаю. Але час і абставіны цяпер такія, што трэба разумець у вайсковай справе, трэба прайсці сур'ёзнае навучанне. Нельга за адзін дзень стаць праграмістам або ваяром, трэба прайсці шлях. А яны не прыслухоўваліся да тых людзей, якія маюць досвед.

Акрамя таго, некаторыя людзі пачалі весці дэструктыўную працу, накіраваную на тое, каб ладзіць канфлікты з іншымі фармаваннямі.

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Зубр на вайне ва Украіне / фота з асабістага архіва Зубра

Зубр: Што да баявой падрыхтоўкі палка, то адна з асноўных праблем у тым, што тыя людзі, якія пачалі камунікацыю з украінскім камандаваннем, не разумелі сітуацыі і не выставілі шэраг умоў для таго, каб мы больш прафесійна падрыхтаваліся і больш эфектыўна працавалі.

У беларусаў быў бы большы патэнцыял, калі б мы лепш слухалі адно аднаго. Значна лепш спрацавала б лідарства, калі б мы паставілі на камандныя пасады больш прафесійных і пісьменных людзей. Тады ўсе беларусы ў гэтай вайне маглі б дасягнуць большых вынікаў. Прычым большых у некалькі разоў. І мы б мелі большую вагу ў вачах украінцаў.

Не хачу раскрываць падрабязнасці, згадваць падзеі і месцы, таму што не хачу нанесці шкоду палку. Але спадзяюся, што ўсе гэтыя моманты выправяцца.

 

"Трэба аб'яднацца і дапамагчы Сахашчыку"

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
9 жніўня экс-камандзір 38-й брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады атрымаў пасаду прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы пераходнага кабінета / калаж Еўрарадыё

Еўрарадыё: "Міністрам абароны" ўрада ў выгнанні стаў Валерый Сахашчык. Што ты думаеш пра яго прызначэнне?

Зубр: На мой погляд, гэта чалавек з самым вялікім досведам у плане адукацыі. Ён быў на высокай пасадзе і ўзначальваў даволі элітную дэсантна-штурмавую часць. Я да яго стаўлюся станоўча, таму што водгукі пра яго ад людзей у асноўным добрыя. Першы месяц працы пакажа, як Сахашчык сябе праявіць. Таму чакаем, спадзяёмся. На мой погляд, мы ўсе павінны аб'яднацца, падтрымаць Валерыя Сахашчыка і дапамагчы яму дамагчыся поспеху ў агульнай справе.

Еўрарадыё: Сахашчык выказаўся, што будзе рабіць усё, каб у Беларусі не дайшло да грамадзянскай вайны. Атрымліваецца, сілавы сцэнар змены ўлады адпадае?

Зубр: Толькі недасведчаны цывільны або псіхічна нездаровы чалавек можа жадаць грамадзянскай вайны. І ні адзін разважны чалавек не хоча браць на сябе адказнасць за гібель падначаленых. Таму гэта правільная пазіцыя. Нам не патрэбна грамадзянская вайна. Але ў Беларусі хунта акупавала ўладу, і калі давядзецца вырашаць сілавым шляхам, то нам патрэбны будзе менавіта бліцкрыг.

 

"Байцоў "Пагоні" паважаю, пра анархістаў даўно не чуў"

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Зубр размініруе мясцовасць / фота з асабістага архіва Зубра

Еўрарадыё: Што думаеш пра дзейнасць палка "Пагоня"?

Зубр: Хоць "полк" — гэта гучна сказана, але ў мяне адназначна станоўчае стаўленне да байцоў "Пагоні". Я паважаю гэтых хлопцаў за тое, што яны прайшлі доўгі шлях. У іх былі праблемы з афармленнем. Людзі з каліноўцаў спрабавалі цалкам манапалізаваць усё [беларускае] ваеннае поле ва Украіне. Я ганаруся тым, што пагонеўцы змаглі супрацьстаяць і выстаялі, не адступілі ад сваіх планаў і ідэй. На цяперашні момант, наколькі мне вядома, яны ўжо ўдзельнічалі ў баях, выконваюць аперацыі і рухаюцца далей.

Еўрарадыё: А як поспехі ў групы беларускіх анархістаў, якія ваююць за Украіну?

Зубр: Я не меў кантактаў з гэтым падраздзяленнем. Па маёй інфармацыі, яны напачатку ўдзельнічалі ў абароне Кіева. Пасля гэтага ў мяне ніякіх звестак пра іх няма. Я не ведаю, дзе яны знаходзяцца, што з імі здарылася і ці прысутнічаюць яны наогул на фронце і ў абароннай сістэме Украіны.

 

На вайне не да форумаў і канферэнцый

Еўрарадыё: Як ты і іншыя добраахвотнікі ставіцеся да таго, што адбываецца ў палітычным жыцці Беларусі?

Зубр: Напэўна, пераважная большасць беларусаў, якіх я ведаю, да ўсіх гэтых форумаў і палітычных гульняў ставяцца вельмі скептычна. Скептычна ставяцца да таго, што нашы палітыкі, якія апынуліся ў эміграцыі, здольныя пра нешта дамовіцца. Як кажуць, "бульбасрач". Байцы ў асноўным унікаюць гэтых момантаў, таму што ў людзей стаяць баявыя задачы і ім ёсць пра што думаць, да чаго рыхтавацца і чым займацца.

Да таго ж я на сваім досведзе ведаю, што бываюць дні, калі за суткі атрымліваецца паспаць 30-40 хвілін. І пры гэтым трэба інтэнсіўна працаваць. Не заўсёды ёсць інтэрнэт. Таму большасць людзей, напэўна, проста не паспяваюць сачыць за тым, што адбываецца ў палітыцы.

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Зубр на вайне ва Украіне / фота з асабістага архіва Зубра

Еўрарадыё: Ці ёсць у беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў выяўленая агульная сімпатыя да нейкага палітыка, руху?

Зубр: Вядома, у кожнага байца ёсць свае погляды. Гэта сотні чалавек, і я думаю, што яны падтрымліваюць розных палітыкаў. Але з усімі гэтымі людзьмі я не абмяркоўваў іх палітычныя густы. Цяпер у краіне ідзе вайна і мы займаемся выкананнем баявых задач.

Як прафесійны вайсковец, які ўжо склаўся, я скажу, што не павінна быць змешвання войска і палітыкі. Мы падпарадкоўваемся Узброеным сілам Украіны, мы выконваем загады. І ніякай палітыкі тут не павінна быць, ёй тут не месца. Я маю на ўвазе як мінімум структуру, камандаванне, якое не можа быць палітызаваным і мець нейкія перавагі. Структура вертыкальная і павінна выконваць загады.

 

"У памяць урэзалася, што ўсюды ляжалі трупы"

“Некомпетентны и зазвездились”: экс-калиновец о проблемах в полку Калиновского
Зубр / фота з асабістага архіва Зубра

Еўрарадыё: Якія твае ўражанні ад прамінулых месяцаў вайны?

Зубр: Самае цяжкае і страшнае для мяне на гэтай вайне — гэта страта блізкіх людзей, з якімі мы шмат чаго перажылі разам.

Мне ў памяць гэтая вайна ўрэзалася яшчэ тым, што ўсюды ляжалі трупы. Буча, Ірпень, Машчун. Вельмі шмат ляжала загінулых цывільных, якіх у сілу актыўнасці баявых дзеянняў проста нельга было забраць. Не ўсіх байцоў украінскага войска можна было своечасова эвакуяваць. І рускія салдаты валяліся ўсюды, таму што іх ніхто не забіраў, яны нікому не былі патрэбныя.

На пачатковым этапе, пры абароне Кіева, вайна была больш дынамічная. Таму што абодва бакі не мелі разведданых у поўнай меры. І таму вайна была больш "бадзёрая", незразумелая. Было нават неяк цікава. Цяпер жа гэта пазіцыйная вайна.

Напачатку мы думалі, што рускія моцныя. Але цяпер "другое войска свету" села ў лужыну і здавольваецца нязначнымі поспехамі. А Украіна ўжо мае пэўныя дасягненні, перамогі і адваёўвае свае тэрыторыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі