Невядомыя на квадрацыклах пашкодзілі гарадзішча на Менцы

Невядомыя "намотвалі кругі" каля гісторыка-культурнай каштоўнасці / pristalica.by
Невядомыя на квадрацыклах пашкодзілі гісторыка-культурную каштоўнасць — гарадзішча на Менцы ў Мінскім раёне. Толькі нядаўна стала вядома, што там плануецца адкрыць археалагічны музей пад адкрытым небам: прызнана, што старажытны горад Менск размяшчаўся ў раёне цяперашняй вёскі Гарадзішча. Як піша pristalica.by, невядомыя "намотвалі кругі", як мяркуецца, на квадрацыклах некалькі дзён таму. Яны праігнаравалі шыльдачку, што праезд забаронены, аб'ехалі агароджу. Ездзілі нават каля памятнага каменя. Шкоду, нанесеную аб'екту, будуць выпраўляць вясной. Зламыснікам, калі іх адшукаюць, пагражае штраф.
У Мінскім райвыканкаме кажуць, што каля гарадзішча з'явяцца інфармацыйныя шыльдачкі, "каб наведвальнікі адразу былі азнаёмленыя з некаторымі нюансамі наведвання комплексу" — там дазволена толькі пешая прагулка.
Першая згадка пра Мінск датуецца сакавіком 1067 года. Тады кіеўскія князі ваявалі з полацкім князем Усяславам Чарадзеем і спалілі летапісны Менск. Пазней горад адрадзіўся на Нямізе.
У 2023-2024 гадах праходзілі маштабныя раскопкі гарадзішча на Менцы, былі цікавыя знаходкі. Цяпер гаворка ўжо ідзе пра існаванне Мінска ў Х стагоддзі.
А ўсё пачалося з таго, што археолагам паставілі задачу шукаць больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці" чыноўнікі (пра неабходнасць такіх даследаванняў у чэрвені 2022-га заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка). І яны не падвялі. Фінансаванне даследаванняў было павялічана.
Для музея на гарадзішчы хочуць узнавіць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, уваходную групу, абарончыя канструкцыі, аднавіць вал.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.