Новы год у санаторыі: за банкет — да 210 рублёў, і шоу-праграма ад культоргаў

Новы год у санаторыі: за банкет — да 210 рублёў, і шоу-праграма ад культоргаў

Знайсці ў Беларусі санаторый, дзе можна сустрэць Новы год, аказалася на дзіва няпроста. На спецыялізаваным сайце www.sanatorii.by ёсць больш за 40 варыянтаў за самыя розныя грошы: удзел у святочным банкеце каштуе ад 45 да 210 рублёў. Але ёсць нюанс — большасць прапануе заехаць да іх на 8-12 дзён, “з лячэннем, харчаваннем і пражываннем”. Дзікуны, якім бы вырвацца з горада толькі на адну чароўную навагоднюю ноч, іх не цікавяць.

“У нас браніраванне ад дзесяці дзён і засталіся двухмесныя аднапакаёвыя нумары, — распавядаюць Еўрарадыё ў санаторыі “Белая вежа” у Брэсцкай вобласці. — Плануецца святочны банкет, забаўляльная праграма, якая робіцца нашымі культмасавымі супрацоўнікамі. Кошт на 10 дзён складае каля 575 рублёў з чалавека”.

А вось і яшчэ адзін нюанс: святочная праграма, якой вабяць санаторыі, у большасці выпадкаў зробленая сіламі персаналу. “Культмасавыя супрацоўнікі”, вядома, людзі падрыхтаваныя і па-свойму таленавітыя. Як кажуць, тамада добры, і конкурсы цікавыя. Але ці так вы хацелі б правесці навагоднюю ноч?

У санаторыі “Бярозка” у Салігорску на 31 снежня прапануюць кампрамісны варыянт: тур выходнага дня. Час адпачынку можна выбраць самастойна.

“Засталіся варыянты з 31 снежня да 3 студзеня, — кажуць у “Бярозцы”. — Ёсць два аднамесныя нумары павышанай камфортнасці за 128 рублёў (плюс аплата банкета 150 рублёў) з чалавека за суткі. Яшчэ застаўся двухпакаёвы нумар люкс на чацвярых. Усё астатняе на Новы год ужо раскупленае. Да 3:30 раніцы 1 студзеня будзе канцэрт, прыедзе сталічны вядучы”.

У “Лепельскім ваенным санаторыі” Еўрарадыё кажуць, што пуцёўкі на святочныя дні прадалі яшчэ ў жніўні. Пастаянныя кліенты з Расіі браніруюць месцы загадзя. Навагодні банкет тут каштуе 107 рублёў, а заезд на дзесяць дзён “з лячэннем” — ад 667 рублёў.

У санаторыі “Буг” у Брэсцкай вобласці засталося некалькі двухмесных аднапакаёвых нумароў.  

“У нас не менш, чым на сем дзён трэба браніраваць, — кажуць у санаторыі. — Прыехаць толькі на Новы год не атрымаецца. У нас толькі па пуцёўках. Двухмесны аднапакаёвы нумар без халадзільніка з тэлевізарам — 48 рублёў 41 капейка”.

Колькі будзе каштаваць навагодні банкет, тут яшчэ не вызначыліся.

У санаторыі “Ясельда” пад Пінскам Еўрарадыё распавялі, што свабодных месцаў на Новы год ужо няма. Але можна пацікавіцца ў канцы тыдня, магчыма, хто-небудзь адмовіцца. Кошт двухмеснага нумара для беларуса складзе 50 рублёў за суткі, а за навагодні банкет хочуць тыя ж сціплыя 50 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі