Някляеў — пра скандал вакол Беларускага ПЭН-цэнтра
Пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў выказаўся пра скандал вакол Беларускага ПЭН-цэнтра. Нядаўна літаратар і палітык Павел Севярынец апублікаваў адкрыты ліст да сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім ён заявіў, што ў кіраўніцтве арганізацыі сабралася група "левых" з ідэалогіяй культурнага марксізму і прапаганды ЛГБТ, якая сваімі ворагамі бачыць хрысціян. Севярынец прапанаваў на з'ездзе ПЭН-цэнтра, які прызначаны на 26 кастрычніка, выдаліць з Рады групоўку марксісцкіх “камісараў".
Някляеў, які цяпер знаходзіцца ў Швецыі, змясціў на сваёй старонцы ў Facebook ліст, раней дасланы старшыні ПЭН-цэнтра і сябрам Рады. У ім ён выказвае абурэнне фактамі выключэння з арганізацыі заслужаных людзей за няўплату ўнёскаў. Уладзімір Някляеў піша, што "проста змушаны нагадаць" пра ахвяраваныя ім на дзейнасць ПЭН-цэнтра сродкі, якіх "больш чым дастаткова, каб пагасіць запазычанасць усіх сяброў..., выключаных за няўплату ўнёскаў".
Пісьменнік просіць гэта зрабіць і "на тым перагарнуць старонку гісторыі ПЭНа, якую не хочацца чытаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.