Гей-лобі, левакі, феміністкі і масоны: што пішуць пра адкрыты ліст Севярынца
Палітык і літаратар Павел Севярынец звярнуўся з адкрытым лістом да сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра. Ліст апублікаваны напярэдадні з'езда арганізацыі, які пройдзе 26 кастрычніка.
Севярынец заяўляе, што ў кіраўніцтве ПЭН-цэнтра сабралася лявацкая група культурных марксістаў і прапагандыстаў ЛГБТ, якая пераследуе хрысціян. Павел падкрэслівае, што Рада ПЭН-цэнтра не прыняла ў шэрагі арганізацыі восем з дзевяці хрысціянскіх літаратараў, якія падавалі заявы.
Як адрэагавалі на адкрыты ліст Паўла Севярынца беларускія літаратары? Хто яго падтрымлівае, а хто — рэзка супраць?
“Гарачы маніфэст, бліскучая публіцыстыка ў рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду”
Журналіст Дзмітры Гурневіч лічыць, што ліст Севярынца — “гарачы маніфэст і бліскучая публіцыстыка ў рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду [тут і далей аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя. — Еўрарадыё]”:
“Павел Севярынец піша, што Пэн-цэнтар захапілі гей-лобі, левакі, феміністкі і масоны, якія не пускаюць туды хрысціянаў. Маўляў, усё пачалося ў 2009-м, калі прыйшоў Андрэй Хадановіч. Гарачы маніфэст, бліскучая публіцыстыка Паўла, у рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду: левыя называюць правых фашыкамі, нацыкамі і цемрашаламі, а правыя левых — марксістамі, збачэнцамі і антыхрыстамі”.
Аднак дадае, што ён паглядзеў, каго ўзнагароджвалі прэміямі ПЭН-цэнтра апошнія 10 гадоў, і прапануе людзям самім вырашыць, хто з іх левы, хто гей-лобі, а хто масон:
Літаратараў запрашаюць не таму, што яны хрысціяне, а праз тое, што яны зрабілі для культуры
Пісьменніца і перакладчыца Марыя Мартысевіч асабіста рэагуе на заяву Паўла Севярынца. Яна расказвае, што сёлета арганізоўвала дзве літаратурныя праграмы для ПЭН-цэнтра, у якіх удзельнічалі літаратары-вернікі. Але запрашалі іх не таму, што яны хрысціяне, а праз тое, што яны зрабілі для культуры, і гэта галоўны крытэрый:
“Я, па-першае, пра тое, што калі літаратурная арганізацыя ці літаратурны арганізатар у Беларусі бярэцца нешта прадставіць, літаратары-вернікі ці наўпрост рэлігійныя кнігі нязменна трапляюць у гэты пералік. Але запрашаюць іх не таму, што яны хрысціяне, а праз тое, што яны зрабілі для культуры.
На першым фестывалі нам прадставіла стэнд Амбасада Брытаніі - тая самая, якая аднойчы вывесіла на фасадзе вясёлкавы сцяг. У будынку ІВВ, дзе адбывалася праграма Беларускага ПЭНу, рабілі мерапрыемствы і ЛГБТ-актывісты, і гендарныя актывісты. Напрыклад, пасля нашай дыскусіі пра мовы ў той жа аўдыторыі адбываўся круглы стол па фэт-шэймінгу ў рэкламе”.
Апанавалі пісьменніцкую арганізацыю і не пускаюць туды хрысціян
Краязнаўца і актывіст Кастусь Шыталь на баку Паўла Севярынца, лічыць, што той мае рацыю, што “левакі” сапраўды апанавалі пісьменніцкую арганізацыю і не пускаюць туды хрысціян:
“Бо хочуць прасоўваць, прапагандаваць сваю ідэалогію, свой светапогляд - адначасова не дазваляючы падтрымліваць, развіваць і прапагандаваць сваю культуру нам, хрысціянам, якія тысячу год беларускую культуру стваралі ад падмуркаў”.
“Тут ужо праглядаюцца “ганенні на першахрысціянаў”, а ў Пашы дзе-нідзе прамалёўваецца німб”
Літаратар і публіцыст Севярын Квяткоўскі лічыць, што галоўная праблема ў словах Севярынца ў тым, што той звязвае тое, што ён хрысціянін, з уласным адлічэннем з ПЭН-цэнтра:
“Севярынцу зрабілі “delеte” з ПЭНу не за тое, што ён не сплаціў сяброўскія складкі арганізацыі. Усялякае бывае ў жыцці, статут прадугледжвае адтэрмінаванне ці нават скасаванне запазычанасцяў для людзей у складаных сітуацыях. Севярынца “адлічылі” за дэклараванне прынцыповай нясплаты складкаў цяпер і ў будучыні. Прынцыповасць Севярынца ўзнікла калі ён пабачыў у офісе ПЭНу фотавыставу з ЛГБТ-тэматыкай. Алгарытм у Севярынца такі: “хрысьціянін” – гомафоб – неплацельшчык складкаў”.
“Мы на Пэн-цэнтры адзін аднога хвалім за нашыя п***рскія замашкі і наша роля ў русіфікацыі выпісана хоць у метадычку ўстаўляй”
Пісьменнік Андрэй Адамовіч вырашыў не хвалявацца і выкарыстоўваць шуміху вакол заявы Севярынца для прасоўвання сваёй новай кнігі “Песня пра Цімура”:
“Прыходжу я значыць з рукапісам “Песні пра Цімура” да Пашы Анціпава, рэдактара кнігі, роля якога асабліва змрочная. А ён мне:
– Твор добры, толькі што ты, Андрэйка, будзеш рабіць са сваёй гамафобіяй?
– Што-што? – Кажу. – З чым? – Кажу – Што рабіць?
– А вось у цябе яшчэ і ўнёскі ня сплачаны… – Здалёк Анціпаў пачынае, а я ўжо бачу да чаго вядзе, вядзе да выключэння з Пэну.
Але мы пасля чыста па-мужчынску вырашылі, то і пару гамафобных кавалкаў у кнізе пакінулі і па марксізме прайшліся і па зеноўеўскім ухіле і першаснае назапашванне капіталу ў гей-лобі апісалі”.
“Павел наш!”
Перакладчыца Галіна Жарко абараняе Паўла і лічыць, што беларусам не хапае салідарнасці, бо сваіх цкуём:
“Павел наш! Ён на вайне з нашым агульным сапраўдным ворагам. Мы ж захапляемся салідарнасцю ўкраінцаў, толькі што ў фб захапляліся Грэтаю (Жанаю Дарк цяперашняю)... Я пра словы, пра азначэнні, пра дыягназы. Тыя, з таго боку, яны ж радыя і шчаслівыя, што нашага чалавека з нашым сцягам мы самі... Павел першы пачаў? Ён фанатык? Будзеце камянямі выбіваць з яго фанатызм, вар'яцтва? Словы ў яго бок ляцяць як цагліны. Ответочка ад людзей, якія лічаць сябе ў параўнанні з ім нармальнымі”.
“Сеяць нянавісць, прыкрываючыся хрысціянствам, і пасля крычаць пра пераслед хрысціян, — гэта тое самае, што прадаваць краіну, прыкрываючыся нацыянальнымі інтарэсамі”
Паэтка Крысціна Бандурына расказвае, што не з’яўляецца сябрам ПЭН-цэнтра, але лічыць сябе сябрам тых людзей, па якіх у сваім лісце “прайшоўся” Павел Севярынец:
“Я не сябра ПЭН-цэнтра, але ў гэтай сітуацыі я — ПЭН. Я цалкам падтрымліваю ўсе “лявацкія” ідэалы гуманізму, роўнасці, павагі, свабоды слова, якія прапісаны ў Статуце Беларускага ПЭН-цэнтра і якімі кіруюцца мае сябры.
Хацела сказаць, што: калі спекуляваць на сваіх-_палітычных_заслугах у_пісьменніцкай_арганізацыі; адстойваць свае погляды (што не супадаюць, дарэчы, са Статутам ПЭНа, у які лезеш), пераходзячы на асобы; калі прысвойваць сабе гісторыю і культуру, трактуючы іх на сваю карысць; забараняць іншым апранацца ў тое, што ім падабаецца, размаўляць той мовай, якой зручна, і пісаць пра што хочацца, — калі ўсё гэта — тое, што правільна, тады я з задавальненнем буду “лявацкай пошасцю”.
“На пятым дзясятку чувак не ўмее рабіць нічога іншага, апроч як змагацца за Беларусь”
Пісьменніца Юлія Шарова лічыць, што асноўнай мэтай Паўла было, каб пра яго гаварылі:
“Пакуль адны творцы качаюць біцуху, каб не сорамна было распрануцца і стаць з шыльдай на чэлесе, пакуль другія выдаюць кніжкі з бананамі на вокладцы, Севярынец сачыняе адкрыты ліст ПЭНу.
Во дзе хайп ды розгалас. Павал дасягнуў пастаўленай мэты: пра яго гавораць. Не ведаю, ці атрымаецца ў Паўла заваліць ПЭН, але шораху ён дакладна нарабіў і сваё прагненне ўлады рэалізаваў.
Рэч у тым, што гэта чувак, пасунуты на кантролі ды ўладзе, які за сорак з хвастком гадоў нічога іншага не навучыўся рабіць, апроч як змагацца. Таму ён і займаецца палітыкай у меру адведзеных яму кармай магчымасцяў. У яго рэпутацыя барацьбіта за Беларусь. Ён за яе пакутваў, у турме сядзеў.
Дык вось, пляваць ён хацеў на тую Беларусь. Гэтае змагарства для Севярынца - толькі інструмент, адзінае акенца, куды ён можа вылезці і сказаць "гаў". Каб шанавалі і баяліся”.
“Трэба пачакаць, пакуль хрысціянскіх пісьменнікаў стане 12 і далей прапаную Паўлу прыйсці ў ПЭН і выгнаць адтуль палкамі кніжнікаў і фарысееў”
Паэт і фэйсбук-публіцыст Стась Карпаў не разумее, навошта Павел Севярынец лезе ў нейкую суполку, чые каштоўнасці ён не падзяляе:
“У наш час, дарагі Павел, зусім не абавязкова тырыцца ў нейкую суполку. А калі ўжо ўтырыўся, то трэба плаціць колькі абяцаў. А калі не хочаш і калі суполка не задавальняе цябе - абкладзі ўсіх х**мі і выйдзі з яе, гучна грукнуўшы дзвярмі.
Але нельга прасіцца быць, нічога не плаціць, усіх не любіць, лічыць сябе ў асадзе і патрабаваць усё перайначыць.
Для таго, каб сказаць, што людзі табе не падабаюцца - не абавязкова называць іх марксістамі. Для таго, каб выказаць сваю нязгоду - не абавязкова назначаць сябе абаронцам хрысціянаў”.
Сёлета ўвесну стала вядома, што Севярынца выключылі са складу ПЭН-цэнтра. Кіраўніцтва арганізацыі заяўляе, што ён не плаціў сяброўскія складкі. Сам Севярынец (які з'яўляецца сустаршынёй аргкамітэта партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя") тады тлумачыў, што наўмысна перастаў плаціць складкі, бо ў ПЭНе ладзяцца "мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.