Нямецкі канал ARD: Міністр спорту Расіі ўдзельнічаў ва ўтойванні допінгу

Нямецкі канал ARD: Міністр спорту Расіі ўдзельнічаў ва ўтойванні допінгу

Нямецкі тэлеканал ARD паказаў фільм-расследаванне прысвечаны допінгу ў расійскім спорце, паведамляе Бі-Бі-Сі. Нямецкія журналісты заяўляюць, што міністр спорту Расіі Віталь Мутко асабіста спрычыніўся да ўтойвання інфармацыі пра сістэматычнае ўжыванне допінгу расійскімі спартоўцамі.

У прыватнасці, у фільме прыводзіцца перапіска двух расіян, якія абмяркоўваюць допінг у пробе аднаго з гульцоў футбольнага клуба "Краснадар" у 2014 годзе. Удзельнікі перапіскі дамаўляюцца звярнуцца па інструкцыі да нейкага "ВЛ". Журналісты звяртаюць увагу, што гэта — ініцыялы міністра спорту Віталя Лявонцьевіча Мутко, а ніхто з гульцоў "Краснадара" ў выніку не быў дыскваліфікаваны.

У фільме сцвярджаецца, быццам Мутко мог ведаць пра ўжыванне допінгу не толькі ў футбольнай Прэм'ер-лізе, але і на Алімпійскіх гульнях. Журналісты мяркуюць, што міністр мог дапамагаць утойваць гэтую інфармацыю.

Экс-кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў у фільме распавядае, што допінг знайшлі ў пробах расійскіх удзельнікаў некалькіх Алімпіяд, у тым ліку лонданскай. Па словах Родчанкава, сведкам заплацілі грошы за маўчанне. На яго думку, гэта магла арганізаваць памочніца Мутко Наталля Жаланава.

Яшчэ да выхаду фільма Міністэрства спорту Расіі абнародавала заяву пра актыўныя рэформы ў расійскай допінг-сістэме. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў таксама загадзя заявіў, што Расія лічыць паклёпам абвінавачванні на адрас сваіх спартоўцаў.

Сам Мутко яшчэ падчас анонсу фільма выказаў меркаванне, што яго аўтары хочуць паўплываць на Міжнародную лёгкаатлетычную асацыяцыю напярэдадні прыняцця рашэння пра аднаўленне ў правах расійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Дарэчы, фільм тэлеканала ARD у снежні 2014 года выклікаў адзін з самых буйных допінгавых скандалаў у сусветным спорце. Менавіта пасля яго выхаду камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) выявіла сістэматычныя парушэнні ў расійскім спорце: спартоўцы ўжывалі забароненыя прэпараты пры актыўнай падтрымцы трэнераў і чыноўнікаў. У выніку Расію адхілілі ад спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі