Нямецкія СМІ: "Ісламская дзяржава" рыхтуе тэракты на курортах Еўропы
Тэрарысты "Ісламскай дзяржавы" рыхтуюць серыю тэрактаў на курортах Еўропы. Пра гэта паведамляе нямецкі часопіс Bild са спасылкай на нямецкія ды італьянскія спецслужбы. Паводле інфармацыі выдання, тэрарысты пранікнуць на ўзбярэжжы Італіі, Францыі ды Іспаніі пад выглядам бежанцаў — прадаўцоў фаст-фуду і сувеніраў. Прычым патэнцыйныя тэрарысты дагэтуль не афішавалі свой удзел у экстрэмісцкіх арганізацыях: гэта не нелегалы, а бізнесмены, што робіць іх асабліва небяспечнымі.
Згодна з нямецкімі СМІ, выканаўцамі нападаў могуць стаць сенегальцы з нігерыйскай тэрарыстычнай групоўкі "Бока Харам", якая год таму далучылася да "Ісламскай дзяржавы" і змяніла назву на "Заходнеафрыканская правінцыя Ісламскай дзяржавы".
Праўда, італьянская газета La Repubblica абвергла паведамленні нямецкіх СМІ. Маўляў, ніякіх канкрэтных тэрарыстычных пагрозаў няма, і падобнай інфармацыі не было, заявіла крыніца ў італьянскіх спецслужбах.
Нагадаем, у сакавіку 2016 года Дзярждэпартамэнт ЗША распаўсюдзіў інфармацыю, што ісламісты рыхтуюцца бліжэйшы часам учыніць тэракты ў Еўропе. Мэтамі тэрарыстаў у першую чаргу стануць буйныя спартыўныя мерапрыемствы, тэатры, рынкі, аэрапорты і транспартныя сістэмы.