"Нявартая сястра вартага брата": рэакцыя каментатараў на допіс Домрачавай
Дар'я Домрачава / фота: by.tribuna.com
Учора каментатары літаральна атакавалі "Інстаграм" Дар'і Домрачавай, брата якой жорстка збілі сілавікі падчас затрымання 11 кастрычніка. Ад алімпійскай чэмпіёнкі патрабавалі пракаментаваць сітуацыю, а таксама іранічна пыталіся “Як ашчушчэнія, Даша?" пад яе допісамі пра любоў да мірнай Беларусі.
Праз суткі рэакцыя спартсменкі ўсё ж такі з'явілася: яна напісала допіс у "Фэйсбуку". Каментар Домрачавай атрымаўся досыць стрыманым.
"Я абсалютна дакладна разумею, што мой публічны гнеў не вырашыць грамадскіх праблем. Магчыма, гэта дапаможа самасцвердзіцца ў вачах тых, хто выказваецца, атрымаць чыюсьці ўхвалу, магчыма, на душы стане лягчэй, але да мэты дакладна не прывядзе", — напісала Домрачава.
Ад такой рэакцыі на брутальнае затрыманне ўласнага брата ў карыстальнікаў байнэту, здаецца, "прыгарэла" яшчэ больш. Сацсеткі Дар'і Домрачавай зноў атакавалі незадаволеныя карыстальнікі. Акуратныя выказванні спартсменкі расцанілі няйначай як спробу ўседзець на двух крэслах і ўчынак "нявартай сястры вартага брата".
Архітэктар Мікіта Домрачаў, брат біятланісткі Дар'і Домрачавай, быў збіты сілавікамі і затрыманы 11 кастрычніка. Домрачаў ехаў на ровары ўздоўж набярэжнай Свіслачы якраз падчас брутальных затрыманняў пратэстоўцаў. Мужчыну збівалі нагамі і дубінкамі, з разбітай галавой кінулі ў міліцэйскую машыну.
З будынка РУУС Мікіту Домрачава забрала ў бальніцу хуткая: траўмы, атрыманыя падчас затрымання, аказаліся сур'ёзнымі і патрабавалі медыцынскага ўмяшання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.