Пад выглядам Ціханоўскай перад парламентам Даніі выступаў невядомы

Пад выглядам Ціханоўскай перад парламентам Даніі выступаў невядомы

У закрытым анлайн-пасяджэнні камітэта па замежных справах парламента Даніі (Фолькетынга) прыняў удзел невядомы, які выдаў сябе за Святлану Ціханоўскую. Інцыдэнт адбыўся 6 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Фолькетынга. 

На пачатку пасяджэння дэпутатам паведамілі, быццам у штаба Ціханоўскай узніклі праблемы з вэб-камерай, таму яе не бачна на экране. Сустрэча працягвалася 40 хвілінаў, пасля чаго дэпутаты спынілі яе, адчуўшы, што нешта адбываецца не так.

Як адзначае прэс-служба Фолькетынга, падчас сустрэчы не абмяркоўвалася нічога, што магло б паставіць пад пагрозу знешнепалітычную лінію Даніі. Галоўнай тэмай размовы была сітуацыя ў Беларусі і формы падтрымкі беларускага народа ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека. 

Дэпутаты дацкага парламента выказалі надзею, што гаворка ідзе толькі пра грубы жарт. Тым не менш у Даніі адбудзецца расследаванне інцыдэнта.

Святлана Ціханоўская актыўна праводзіць сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі. 8 кастрычніка яна сустракалася з кіраўнікамі МЗС Аўстрыі, Грэцыі, Балгарыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі