Пад Дзяржынскам пасажырскі цягнік сутыкнуўся з трактарам (фота)
У сераду, 6 студзеня, у 10.41 дзяржынскім ратавальнікам паступіла паведамленне, што на чыгуначнай станцыі Станькава пасажырскі цягнік урэзаўся ў трактар.
Як паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, кіроўца трактара "Беларус МТЗ-821" з прычэпам выехаў на чыгунку яшчэ да таго, як загарэўся забараняльны сігнал светлафора. Аднак у гэты момант трактар заглух, бо ў ім у мароз замерзла дызельнае паліва. У гэты трактар і ўрэзаўся пасажырскі цягнік №131 "Масква-Брэст", які рухаўся з Мінска ў Брэст.
Пры здарэнні трактар і цеплавоз цягніка атрымалі механічныя пашкоджанні, але пацярпелых няма.
Пашкоджаны цеплавоз адцягнулі на запасную каляіну іншым цеплавозам, прысланым з Мінска. Праз гадзіну пасля здарэння цягнік "Масква-Брэст" працягнуў рух па сваім маршруце.
У выніку здарэння былі затрыманыя таксама цягнікі №668 "Брэст-Мінск" (на 1 гадзіну 9 хвілін) і №698 "Баранавічы-Мінск" (на 57 хвілін).
Фота: mchs.gov.by