Пад новы польскі закон аб паклёпе магла б трапіць Алексіевіч?

Пад новы польскі закон аб паклёпе магла б трапіць Алексіевіч?

Урад Польшчы ўводзіць закон аб крымінальнай адказнасці за паклёп на Польшчу і польскі народ. Пра гэта паведамляе “Польскае Радыё”.

Тамтэйшы кабінет міністраў ухваліў законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за публічнае прыпісванне Польшчы ці польскаму народу фактаў адказнасці або датычнасці да нацысцкіх злачынстваў падчас Другой сусветнай вайны.

У прыватнасці, выкарыстанне выразу “польскія канцлагеры” ў дачыненні да лагераў, якія былі пабудаваныя немцамі на тэрыторыі Польшчы, можа карацца турэмным зняволеннем да 3 гадоў.

Законапраект мусяць ухваліць верхняя і ніжняя палаты парламента. Затым яго падпісвае прэзідэнт краіны Анджэй Дуда.

Выданне прыводзіць словы міністра юстыцыі Збігнева Зёбры:

“Сёння польскі ўрад зрабіў важны крок на шляху стварэння больш трывалых прававых інструментаў для эфектыўнага адстойвання сваіх правоў, абароны гістарычнай праўды і добрага імя Польшчы ў любым пункце свету, дзе яго прадстаўляюць у ілжывым святле. Асабліва ў бок тых палякаў, якія найбольш пакутавалі ад нацысцкай Германіі, а сёння іх абвінавачваюць у Халакосце і забойствах, якія ладзіліся на акупаванай немцамі тэрыторыі”.

Пад новы польскі закон аб паклёпе магла б трапіць Алексіевіч?
Збігнеў Зёбра. Фота: PAP/Tomasz Gzell

“Польскае Радыё” разважае, што такая фармулёўка законапраекта стварае ўражанне, быццам Польшча і яе грамадзяне нясуць адказнасць за злачынствы нацыстаў.

Дарэчы, колішняе выказванне Святланы Алексіевіч пра палякаў магло б трапіць пад дзеянне гэтага закона, калі б ён дзейнічаў на той момант.

“І вы ведаеце, што рабіла Польшча з яўрэямі... Я ведаю, адзін знаёмы журналіст у Польшчы напісаў, што палякі рабілі з яўрэямі. Палякі горш за ўсіх ставіліся да яўрэяў. І ксяндзы проста казані прамаўлялі: "Забі яўрэя", — выказалася нобелеўская лаўрэатка на сустрэчы ў Брукліне сёлета ў ліпені.

Гэтыя словы выклікалі вялікі рэзананс у польскіх СМІ. Тамтэйшая ліга супраць паклёпу, якая займаецца абвяржэннем непраўдзівай інфармацыі пра гісторыю Польшчы, нават накіравала адкрыты ліст з пратэстам да Алексіевіч.

Пад новы польскі закон аб паклёпе магла б трапіць Алексіевіч?

Еўрарадыё запыталася ў польскага палітолага Віктара Роса, ці магла стаць заява Алексіевіч падставай для ўвядзення такога закона. Ён перакананы, што нобелеўская лаўрэатка тут ні пры чым:

“Ужо ледзь не 20 гадоў праводзіцца кампанія, часцей за ўсё ў амерыканскіх СМІ, дзе працуе вялікая колькасць амерыканцаў яўрэйскага паходжання, якія часта з’яўляюцца дзецьмі або ўнукамі яўрэяў, пацярпелых падчас вайны”, — кажа палітолаг.

Па яго словах, гэтыя журналісты пішуць матэрыялы, якія кідаюць цень на Польшчу. Прычына ў тым, што яны могуць мець кепскія ўспаміны, звязаныя з мінулым сваіх продкаў, але па віне не палякаў, а нямецкіх фашыстаў. І закон накіраваны на абмежаванне такога неабгрунтаванага паклёпу.

Па словах палітолага, пакуль яшчэ невядомыя ўсе асаблівасці законапраекта. Таму і меркаваць, ці магла б Алексіевіч трапіць пад яго дзеянне, нельга.

“У многіх краінах Еўропы пісьменнікі, якія пішуць, што генацыду яўрэяў нямецкімі нацыстамі не было, пераследуюцца па законе”, — разважае палітолаг.

Дарэчы, у беларускім Крымінальным кодэксе таксама існуе падобны закон. Артыкул 369.1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае арышт да 6 месяцаў або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў за прадстаўленне замежнай дзяржаве, замежнай або міжнароднай арганізацыі загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы грамадзян Беларусі, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь або яе органы ўлады.

Віктар Рос сцвярджае, што новы польскі закон не распаўсюджваецца на крытыкаў уладаў, і падкрэслівае, што ў Польшчы ніхто за гэта не пераследуецца.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі