Пад петыцыяй за прысваенне беларусу звання Героя Украіны сабралі 25000 галасоў
Дзмітрый Рубашэўскі
Пад петыцыяй за прысваенне загінуламу беларускаму добраахвотніку Дзмітрыю Рубашэўскаму звання Героя Украіны на сайце ўкраінскага прэзідэнта сабралі патрэбныя галасы — 25 тысяч. Рубашэўскі ("Ганс") загінуў 12 красавіка 2022 года падчас баёў з расійскімі акупантамі ў Луганскай вобласці. Яму было 30 гадоў. Ён быў байцом 24-й механізаванай брыгады Узброеных сіл Украіны. Беларуса ўжо пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам "За мужнасць" III ступені.
Дзмітрый Рубашэўскі нарадзіўся ў Брэсце. Ва Украіне ваяваў з 2015 года, меў некалькі раненняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасля ранення яго даглядала сястра загінулага таварыша. Пазней яна стала яго жонкай, у пары нарадзілася дачка. Рубашэўскі жыў у Львоўскай вобласці.
Аўтары петыцыі на імя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага просяць прысвоіць званне Героя Украіны і загінуламу беларускаму добраахотніку Эдуарду Лобаву. Але патрэбная колькасць галасоў яшчэ не сабраная.
Калі экспертная група дасць станоўчую рэзалюцыю, справу аб прысваенні Дзмітрыю Рубашэўскаму звання Героя Украіны разгледзіць Зяленскі.
Вясной 2022-га пасмяротна званне Героя Украіны атрымаў беларус Аляксей Скобля ("Тур"). Ён служыў ва ўкраінскім спецназе, загінуў 13 сакавіка, абараняючы Кіеў — прыкрываў адыход сваіх байцоў. Яшчэ раней званне Героя Украіны атрымаў беларус Міхаіл Жызнеўскі, які загінуў у 2014-м падчас рэвалюцыі ў Кіеве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.