"Пад прэсам": Іншагароднія змогуць працаваць у Мінску без прапіскі

З 1 студзеня ў Мінску можна будзе працаваць без прапіскі. На працягу 15 мінулых гадоў, каб працаваць у сталіцы, жыхары іншых рэгіёнаў краіны мусілі атрымаць на тое дазвол Мінгарвыканкаму, а кіраўнік прадпрыемства – заплаціць за іншагародняга супрацоўніка 500 базавых велічынь. З адменай інстытута прапіскі адмяняюцца і гэтыя абмежаванні. Таму, не дзіўна, што беларускія СМІ бачаць пазітыўны бок адмены прапіскі.
“Народная газета”, “Звязда”, “Советская Белоруссия” і іншыя дзяржаўныя выданні пішуць:

— парадак, які дзейнічаў апошнія 15 год, камусьці істотна папсаваў нервы;
— парадак запрашэння іншагародніх грамадзян на працу ў Мінск супярэчыў патрабаванням часу.

Абмежаванні, якія існавалі – супярэчаць рэаліям сённяшняга дня, таму, з 1 студзеня 2008 года наймальнікі атрымаюць права браць на працу іншагародніх людзей без працэдуры узгаднення, што станоўча паўплывае на рынак працы ў Мінску, - піша газета “Звязда”:

“Цяпер у Мінску назіраецца значны дэфіцыт працоўнай сілы. Па стане на 1 верасня на ўліку ў службах занятасці горада было зарэгістравана 3910 чалавек і адначасова тут жа мелі звесткі аб наяўнасці 19 344 свабодных працоўных месцаў

Актуальнае пытанне іх запаўнення, а гэта нерэальна без прыцягвання працоўнай сілы з рэгіёнаў” .

Артыкул у “Советской Белоруссии” таксама кажа пра тое, што адмена прапіскі “дазволіць задаволіць патрабаванні мінскіх агранізацыяў у спецыялістах, а таксама попыт іншагародніх грамадзян на працаўладкаванне ў Мінску”.

Але гаворачы пра “значны дэфіцыт рабочай сілы”, варта зазначыць, што асноўная частка вакансій у сталіцы разлічана на прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцяў:

“Гораду патрэбныя муляры, зваршчыкі, кіроўцы, штукатуры... ”, - піша “Народная газета”.

Агульнае бачанне сітуацыі дзяржаўнымі беларускімі СМІ можна выказаць наступным чынам – адмена прапіскі станоўча паўплывае на рынак працы Мінска.

Цікава, што яшчэ год таму і “Советская Белоруссия”, і іншыя дзяржаўныя газеты гаварылі зусім па-іншаму – казалі пра тое, што пасля адмены прапіскі, людзі будуць масава збягаць з правінцыі, што пасля наплыву ў Мінск іншагародніх, мінчукам не будзе хапаць працоўных месцаў:

“Да таго ж мінскія спецыялісты могуць не знайсці працу ў родным горадзе з-за таго, што на іх месца ўзялі іншагародняга”.

Такія ж спецыялізаваныя выданні як “Дырэктар”, “Нацыянальная эканамічная газета” яшчэ ў 2003 годзе пісалі пра неабходнасць міграцыі працоўнай сілы, заклікалі да ліквідацыі інстытута прапіскі, які зніжае мабільнасць працоўнай сілы:

“Працоўная сіла – такі ж рэсурс, як зямля і капітал. Такім жа чынам як існуе міграцыя капітала, павінна існаваць і міграцыя працоўных рэсурсаў. Інвестыцыі ідуць у тую вытворчасць, дзе можна атрымаць максімальную аддачу. І людзі павінны мець магчымасць ехаць туды, дзе на цяперашні момант найбольш спрыяльныя ўмовы.

Акрамя гэтага замена прапіскі рэгістрацыяй у Мінску створыць аднолькавыя стартавыя ўмовы для ўсіх жыхароў рэспублікі”.

Зазначым і тое, што плата ў 500 базавых велічынь за іншагародняга супрацоўніка тлумачылі тым, што “ён карыстаецца транспартам, жыллём і медыцынскімі паслугамі на роўных з мінчукамі, таму яго новае кіраўніцтва павінна было вярнуць гораду выдаткі – каля 500 базавых велічынь на нос”, - пісала летась “Советская Белоруссия”.

З наступнага года гэта працэдура скасоўваецца, але гэта не азначае, што цяпер іншагароднім працаўладкаваца ў Мінску будзе проста – без бюракратычных працэдур. Прапіску адменяць, але ўвядуць рэгістрацыю, якая па вялікім рахунку ад прапіскі мала чым адрозніваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі