Падарожжа ў часе: што не так з відэа "ўцёкаў" Калеснікавай з Беларусі
Памежны пераход "Аляксандраўка"
Дзяржаўныя медыя ад'езд сябраў Каардынацыйнай рады ва Украіну назвалі "ўцёкамі" і ў пацвярджэнне сваіх слоў апублікавалі запісы з камер відэаназірання памежнага пункта пропуску "Аляксандраўка".
Мы звярнулі ўвагу, што на відэа перасячэння мяжы падчас нібыта ўцёкаў сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова ёсць неадпаведнасці ў часе на камерах назірання.
Спярша нам паказваюць камеру "Выезд чарга", BMW стаіць на ўездзе ў пункт памежнага кантролю, час на камеры — 4:05:54.
Наступная камера, калі машына праязджае шлагбаум, — 04:04:09. Розніца ў часе — амаль дзве хвіліны.
Далей яны прыязджаюць у зону мытнага кантролю, час на камеры 4:04:17. Пасля праверкі дакументаў яны выязджаюць у 4:09:25.
Наступная камера "Выезд" паказвае, як BMW выязджае з пункта памежнага кантролю праз шлагбаум у 04:17:49. Што яны рабілі на памежным пераходзе яшчэ восем хвілін?
Але ўжо на наступнай камеры, падпісанай як "Уезд чарга", машына выязджае ў 04:12:30. Розніца з папярэдняй камерай — крыху больш за пяць хвілін.
Як растлумачыць такія часавыя скачкі? Калі адмесці версію з падарожжамі ў часе, то атрымаецца, што або камеры назірання на памежным пераходзе не сінхранізаваныя па часе, або што было некалькі розных дубляў асобных сцэн.
Сёння стала вядома, што трое сябраў Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў а пятай гадзіне раніцы прайшлі памежны кантроль на выезд у пункце пропуску "Аляксандраўка". Пасля выезду з пункта пропуску нешта пайшло не так і Марыя Калеснікава апынулася па-за машынай, яе затрымалі. Дзе яна цяпер знаходзіцца — невядома. Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў змаглі дабрацца да тэрыторыі Украіны.
Пункт пропуску "Аляксандраўка" ўжо не першы раз удзельнічае ў гучных навінах. Тры гады таму менавіта праз гэты памежны пераход прарываўся джып з баевікамі і зброяй. Праўда, потым навіну пра гэта выдалілі з сайта Дзяржпагранкамітэта. Справа была перададзена ў Генпракуратуру. З тых часоў пра лёс джыпа нічога не паведамлялася, як і пра лёс "затрыманых".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.