“Падатак на дармаедства” пакрыюць хатнія гаспадыні?

Новы дэкрэт прэзідэнта пра стымуляванне занятасці насельніцтва, які абкладае падаткам “дармаедства”, ужо двойчы пабываў на стале ў кіраўніка Беларусі, але быў адпраўлены на дапрацоўку. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас прэс-канферэнцыі 29 студзеня. Ужо цягам бліжэйшага месяца дакумент мусіць атрымаць канчатковую форму.

Пакуль вядома, што падатак на дармаедства будзе выглядаць як збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй (фінансавае забеспячэнне арміі, дарог, аховы здароўя і г.д.). Складаць ён будзе 20 базавых велічыняў за год.

Еўрарадыё сабрала выказванні чыноўнікаў наконт новага закона і стварыла агульны партрэт будучага дармаеда.

Па словах міністра працы Марыяны Шчоткінай, на сёння ў Беларусі каля 50 тысяч чалавек не жадаюць працаваць увогуле. Недзе 200 тысяч жадаюць знайсці працу, але не ўладкоўваюцца цягам шасці месяцаў. Фактычна гэтыя людзі сядзяць на шыі ў іншых грамадзян краіны, якія плацяць падаткі і такім чынам ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

“З аднаго боку, гэта асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з іншага — свайго кшталту сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнесам, атрымліваюць заробак у канвертах і не цалкам выплачваюць падаткі”, — заяўляе у сярэдзіне студзеня міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.

Крыху раней намеснік міністра фінансаў Зміцер Кійко адзначыў, што “асобы, якія не маюць падатковага рэзідэнцтва ў Беларусі (то бок знаходзяцца менш за 183 каляндарныя дні на год на тэрыторыі краіны), не будуць абавязаныя выплачваць гэты падатак".

Такім чынам, падатак на дармаедства, хутчэй за ўсё, не закране, напрыклад, тых хто працуе ці проста часова жыве за межамі Беларусі. Таксама ад выплаты будуць вызваленыя шматдзетныя сем’і і сем’і з малымі дзецьмі, але тут пакуль не ўсё дакладна вядома.

“Ніякіх лішніх ільгот не будзе. Мы паспрабуем пасярэдзіне прайсціся, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі. — Інваліды і іншыя сваё атрымаюць, мы іх будзем падтрымліваць. Але той, хто павінен працаваць, той будзе працаваць. І сядзець з дзіцём да 14 і нават да 7 гадоў, гэтага таксама не будзе. У большасці так: нават да трох гадоў не дацягнулі, а дзіця ўжо аддалі ў садок на плечы дзяржавы, а самі сядзяць адпачываюць”.

То бок афіцыйны дэкрэтны адпачынак усё ж выратуе ад гучнага імя “дармаед”, але пасля трэцяга года ад нараджэння вашага дзіцяці варта будзе задумацца. Хатнія гаспадыні, хутчэй за ўсё, льгот не атрымаюць.

“Калі муж добра зарабляе і можа сабе дазволіць, каб жонка не працавала і яны прынялі такое рашэнне, то 20 базавых — не вялікая сума, яе можна і аплаціць”, — адзначае міністр працы Марыяна Шчоткіна.

Між іншым, хатніх гаспадынь, па словах міністра працы, у краіне 123 тысячы. Раней паведамлялася, што з дапамогай “падатку на дармаедства” плануецца прыцягнуць у бюджэт краіны дадатковых 400-450 мільярдаў рублёў за год. Далей пачынаецца простая арыфметыка! Калі толькі 123 тысячы хатніх гаспадынь заплацяць па 20 базавых велічынь (на сёння гэта 3 600 000 рублёў). Атрымліваецца 442 мільярды 800 мільёнаў! Дык можа, першапачаткова і планавалася зняць дадатковыя грошы з мужоў, якія “добра зарабляюць і могуць сабе дазволіць, каб жонка не працавала”?

Фота: instyle.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі