Падатковая: Інструкцыя па даходах-выдатках тычыцца толькі дармаедаў
Міністэрства па падатках і зборах супакоіла грамадзян наконт прымянення новай Інструкцыі, на падставе якой будуць праводзіць аналіз даходаў і выдаткаў грамадзян. Дакумент 13 кастрычніка быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале і набыў законную моц.
У тэксце Інструкцыі не прапісаны дакладны пералік грамадзян, якіх закране гэты дакумент і гэта вылікала рэзананс. Аднак сёння Міністэрства па падатках і зборах патлумачыла, што гэтая навіна ўсё ж не закране ўсіх беларусаў.
Як адзначана ў прэс-рэлізе ведамства, Інструкцыя была прынятая ў мэтах рэалізацыі “дэкрэта аб дармаедах”, таму яе дзеянне распаўсюджваецца на ажыццяўленне кантролю за адпаведнасцю расходаў і даходаў грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Кантроль над даходамі-выдаткамі працуючых грамадзян па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца на падставе дэкларацый аб даходах і маёмасці.
Разлік выдаткаў і даходаў грамадзян, якія доўгі час не працавалі, падатковыя органы будуць складаць толькі за перыяд з 1 студзеня 2015 года.
Калі будзе выяўлена, што выдаткі перавысяць даходы, то грамадзянін атрымае пісьмовае патрабаванне аб дачы тлумачэнняў аб крынiцах даходаў. Даць іх трэба будзе ў пісьмовай форме цягам 30 каляндарных дзён. Грамадзянін павінен распісаць крыніцу даходу, памер і дату атрымання, а таксама, па жаданні, іншыя звесткі пра крыніцы прыбытку.
Пры гэтым грамадзянін мае права паведаміць звесткі пра крыніцы яго даходаў за любы перыяд, у якім ім атрыманы такія даходы, удакладняюць ў МПЗ. Такім чынам, непрацуючы сёння грамадзянін можа паказаць, што жыве за грошы, якія назапасіў да 1 студзеня 2015 года.
“Падаткаабкладанне даходаў, вылічаных з сум перавышэння выдаткаў над даходамі, будзе праводзіцца толькі ў выпадку, калі грамадзянін не дасць тлумачэнні аб крыніцах даходаў па пісьмовым патрабаванні падатковага органа або калі прадстаўленыя фізічнай асобай тлумачэнні не дазволяць вызначыць крыніцу даходаў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе МПЗ.
Фота з архіву