Падлетку, які выратаваў брата на пажары, уручылі ордэн
Цырымонія ўзнагароджання Рамана Кагадоўскага і медыкаў, якія змагаліся за яго жыццё / БЕЛТА
Падлетку Раману Кагадоўскаму, які выратаваў з пажару свайго маленькага брата, у аўторак уручылі ордэн "За асабістую мужнасць". Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, паведамляе БЕЛТА.
Разам з хлопчыкам адзначаныя таксама медыкі мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі, якія затым змагаліся за жыццё самога Рамана.
Узнагароды ўручаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паказаў хлопчыку свой кабінет.
Раману Кагадоўскаму 12 гадоў. Ён з вёскі Сідаравічы Мядзельскага раёна. 28 красавіка ў іх доме здарыўся пажар. Падлетак спачатку спрабаваў яго патушыць, а потым схапіў малодшага брата, вынес яго на двор, перадаў дарослым і страціў прытомнасць. Рамана забралі спачатку ў мясцовую бальніцу, а затым на верталёце перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД Мінска.
У шпіталі ён правёў каля паўгода, перанёс дзясяткі аперацый. Толькі ў верасні пачаўся першы курс рэабілітацыі — хлопчык пачаў нанова вучыцца сядзець, хадзіць, трымаць у руках прадметы, гаварыць і пісаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.