Падробкі, 90-я і ніякіх тэхналогій: як санкцыі ўплываюць на беларускі бізнес

Буйны беларускі бізнес трымаецца, але ў будучыні збольшага чакае негатыву / pexels.com
Буйны беларускі бізнес трымаецца, але ў будучыні збольшага чакае негатыву / pexels.com

Малы і сярэдні бізнес у Беларусі стаў глядзець у будучыню больш пазітыўна. А буйны прызнаецца, што радавацца асабліва няма чаму — ужо цяпер пачалі вяртацца практыкі з 90-х, губляецца давер да партнёраў. Некаторыя іранізуюць, што ўсе будуць ездзіць на "масквічах" і піць малако са шкляных бутэлек.

Пра гэта расказалі эксперты BEROC.

Еўрарадыё сабрала самае цікавае ў прэзентацыях даследаванняў.

 

Справы наладжваюцца ці гэта памылка ацалелага?

BEROC апытваў малы і сярэдні бізнес на працягу усяго перыяду санкцый, а таксама напярэдадні іх увядзення. Амаль заўсёды прадпрымальнікі чакаюць нечага больш-менш пазітыўнага, адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі. Эксперт зыходзіць з дадзеных анлайн-апытання 300 кампаній.

Праз год пасля ваенных санкцый бізнес знаходзіцца на нейкім максімальным пазітыве [паводле сакавіцкага апытання. — Еўрарадыё]. Відаць, чаканні, якія склаліся ў пачатку вайны, былі вельмі негатыўныя. І калі адбылася рэцэсія, яна апынулася не такой дрэннай, як бізнес чакаў.

Ёсць і пытанні, якія вельмі турбуюць малы і сярэдні бізнес. У апошнія два гады ў топе санкцыі і нестабільнасць, звязаная з дзеяннямі эканамічных уладаў. Напрыклад, якой будзе эканамічная палітыка, ці з'явіцца нейкае спецыфічнае рэгуляванне, які будзе курс.

Пры гэтым прадпрымальнікі сталі радзей казаць, што весці бізнес у Беларусі вельмі рызыкоўна.

Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес
Прадпрымальнікі лічаць рызыкі найменшымі за два гады апытанняў / BEROC

Мы заўсёды пытаем у бізнеса, наколькі наогул вялікай падаецца рызыка быць прадпрымальнікам у Беларусі. Заўсёдны тыповы адказ — "рызыка вышэй за сярэднюю". Але працэнт людзей, якія кажуць, што весці бізнес у Беларусі вельмі рызыкоўна, увесь 2022 год зніжаўся. І хоць прадпрымальнікі ўспрымаюць рызыкі як падвышаныя, на іх думку, рызыкі ўсё роўна ніжэйшыя, чым былі год таму ці нават паўтара года таму, — працягвае Леў Львоўскі.

Падчас ацэнкі магчымая памылка ацалелага — бізнес, які зачыніўся або пераехаў, у апытанні не ўдзельнічае.

 

Працуюць са стратамі, каб утрымаць людзей заробкамі

Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес
Беларусы шукаюць заробак за мяжой / Еўрарадыё

Зусім іншы настрой у буйнога бізнесу. BEROC правёў глыбінныя інтэрв'ю з прадстаўнікамі дзесяці кампаній з розных сфер. Амаль усе бізнесы знаходзяцца ў Беларусі. Інтэрв'ю адбываліся з кастрычніка 2022 года да канца студзеня 2023 года.

Звычайна бізнесмены кажуць пра негатыўныя эфекты ад санкцый. Хоць апытаныя кампаніі наўпрост пад абмежаванні не патрапілі. Адзін з эфектаў — таксічнасць.

Прадказальна, што фінансавыя кампаніі, банкі часта адмаўляюцца працаваць з беларускімі кампаніямі. Але практычна ўсе апытаныя бізнесмены звярталі нашу ўвагу на распаўсюджаныя выпадкі адмоваў працягваць бізнес-адносіны, гэта значыць з боку пастаўшчыкоў альбо пакупнікоў прадукцыі, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес
Бізнес спрабуе справіцца з выклікамі, але становішча няўстойлівае / pexels.com

Нечаканы эфект санкцый — у кагосьці атрымліваецца эканоміць за кошт паралельнага імпарту або кантрафактнай прадукцыі. Гэта танней, чым, напрыклад, нейкія камплектавальныя вырабы, якія раней закупляліся ў Еўропе.

Адзін з бізнесоўцаў адказаў, што жадання такога не было, але сітуацыя вымусіла працаваць з кантрафактам. Яна дала магчымасць эканоміць на выдатках, — кажа Дзмітрый Крук.

Каб вырашыць праблемы, бізнесы звычайна мяняюць лагістыку, пастаўшчыкоў, адмаўляюцца ад расійскага рынку або падзяляюць юрыдычныя асобы для працы з рознымі геаграфічнымі напрамкамі. Але працэс адаптацыі яшчэ ідзе і вынікі няўстойлівыя, адзначаюць апытаныя.

Калі кіраўнікі бізнесаў зазіраюць у будучыню, то чакаюць разбурэння і архаізацыі бізнес-асяроддзя, падкрэслівае эксперт.

Многія ўзгадвалі, што адраджаюцца практыкі дзевяностых, што татальна размываецца давер. Для нармальнага вядзення бізнесу, як гэта ўяўлялася чатыры-пяць гадоў таму, часцяком проста не застаецца месца.

І вельмі важная рэч, якая ў рэйтынгу вырвалася на першае месца — гэта чаканне тэхналагічнай адсталасці. Вось некалькі добрых цытатаў, якія пра гэты эфект кажуць: "будзем ездзіць на масквічах" ці "малако будзе ў шкляных банках зноў", "на рухавікі Еўра-6 забудземся" і да таго падобнае. Гэта значыць з'яўляецца жалезная заслона, якая мае тэхналагічную афарбоўку, — заключае Дзмітрый Крук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі