Палажанка: Некаторых актывістаў вывозілі ў лес і прымушалі капаць магілу
Лідарка зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" прыгадвае гісторыі, падобныя на тое, што адбылося з дзяўчатамі з FEMEN.
Наста Палажанка: Мне здаецца, што гэта была звычайная помста “доблесных” службаў да гэтых дзяўчат, таму што правялі паспяховае мерапрыемства, гучнае мерапрыемства, прадэманстравалі волю, цікаўнасць — безумоўна, для супрацоўнікаў спецслужбаў была такая аплявуха. Таму гэта была звычайная помста, што не здолелі адрэагаваць нейкім чынам. Так здолелі гэта зрабіць уціхую, паскудна. Мяне нічога не здзіўляе.
Еўрарадыё: Праз такое праходзілі ўжо некаторыя актывісты "Маладога фронту", у тым ліку і вы...
Наста Палажанка: У Беларусі гэта не аднойчы выпрабоўвалася на грамадскіх актывістах. Прычым, гэта выпрабоўвалася ў час так званай "лібералізацыі", калі яны не маглі, нібыта, законнымі шляхамі ўтрымоўваць чалавека на сутках, садзіць яго ў турму, а рабілі гэта цішком...
Я магу распавесці дакладныя выпадкі са Змітром Дашкевічам, якога схапілі каля дзвярэй кватэры. Надзелі шапку на галаву, пасадзілі ў аўтобус, пасля там збівалі. Вывезлі Змітра ў Мінскую вобласць, у лес, выкінулі, у рукавы паліто засунулі такі вялікі зруб, каб ён не здолеў рухаць рукамі. Ён здагадаўся, упёрся гэтым зрубам у дрэва і такім чынам вынуў яго з рукавоў.
Тое самае адбылося з Артурам Фінькевічам, якога схапілі каля яго пад’езда, збівалі ў аўтобусе, пазней адвезлі таксама кудысьці і выкінулі. І Зміцер, і Артур пісалі тады заявы ў РУУС... Мяне 25 сакавіка, здаецца 2009 года, затрымалі з Дзянісам Карновым. Такім самым чынам — шапкі на вочы, галава ніжэй калена, каб не бачылі нікога. Паколькі я была ім не вельмі цікавая, яны выкінулі мяне недзе пад Мінскам, а Дзяніса завезлі да лесу, разрэзалі яму джынсы, паставілі на калені. Такая імітацыя выканання смяротнага пакарання, казалі, што "зараз ты будзеш капаць сабе яму".
Еўрарадыё: З якой мэтай праводзяцца такія акцыі, каб запалохаць?
Наста Палажанка: Яны безумоўна хочуць напужаць, імкнуцца прадэманстраваць тое, што "і на вас, такіх храбрацоў, знойдуцца сродкі". Тое ж самае і з FEMEN. "Вы ездзілі па розных краінах, праводзілі акцыі і вам гэта сыходзіла з рук. Ну так зараз мы адпомсцім за ўсе краіны. Прыехалі вы ў Беларусь — атрымоўвайце па-беларуску". І таму, безумоўна, яны хочуць застрашыць, яны хочуць паказаць, хто тут, у Беларусі, гаспадар.
Яшчэ ў 2008 годзе гэта набыло такі масавы характар. Яны нічога не маглі зрабіць у прававых сферах, бо гэтыя сферы былі пад кантролем дыпламатаў, міжнароднай супольнасці. Яны стараліся не нарывацца. Але тады навучыліся, адпрацавалі гэтую практыку, якую цяпер выкарыстоўваюць. Я цяпер не здзіўлюся, калі такое зробяць не чэкісты, а нейкія іншыя спецслужбы Беларусі, якіх, у прынцыпе, у нас багата.