Паліцыя Манчэстара назвала імя падазраванага ў выбуху
У выбуху на "Манчэстар Арэне" паліцыя падазрае мясцовага жыхара Салмана Абедзі. Пра гэта заявіў кіраўнік гарадской паліцыі Іан Хопкінс.
"Мы падазраем 22-гадовага Салмана Абедзі. Аднак мы не атрымалі яшчэ пацверджання коранера, так што больш нічога мы з гэтай нагоды не каментуем", — перадае Бі-Бі-Сі словы Хопкінса.
Раней імя Абедзі называлі тэлеканал CBS News і агенцтва Асашыэйтэд прэс. Яны не адкрывалі крыніцы сваёй інфармацыі.
Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, Абедзі хутчэй за ўсё нарадзіўся ў Манчэстары ў сям'і выхадцаў з Лівіі.
Як паведамлялася раней, тэракт у Манчэстары адбыўся ўвечары ў панядзелак падчас канцэрту амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ. Паводле апошніх звестак, загінулі 22 чалавекі, каля 120 атрымалі раненні.
Адказнасць за выбух узяла на сябе экстрэмісцкая групоўка "Ісламская дзяржава".