Палітбюро 2.0: навошта патрэбны і што наогул вырашае Усебеларускі народны сход
Па задумцы ўладаў, зносіны чыноўнікаў і Лукашэнкі — практычна найвышэйшая форма дэмакратыі /БЕЛТА/TUT.by
Усебеларускі народны сход плануецца правесці 11–12 лютага. Улады мысляць гэту палітычную падзею асноўнай у 2021 годзе. Пры гэтым ва УНС як не было, так і няма ніякага юрыдычнага статусу: у Канстытуцыі пра яго як пра орган прыняцця рашэнняў няма ні слова.
Але для чаго ён наогул праводзіцца і што нас чакае на УНС-2021 — у аглядзе Еўрарадыё.
Імітацыя масавай падтрымкі
Першы УНС быў праведзены ў 1996 годзе пад рэферэндум аб змене Канстытуцыі. Лукашэнка, якому тады супрацьстаялі апазіцыйныя дэпутаты Вярхоўнага Савета, меў вострую патрэбу ў "народнай падтрымцы".
Дэлегаты УНС звярнуліся да Вярхоўнага Савета з заклікам падтрымаць рэферэндум. Вынік мы ўсе ведаем: галасаванне адбылося, Беларусь стала "больш чым" прэзідэнцкай рэспублікай.
Здавалася б, на гэтым гісторыя павінна была скончыцца. Але Усебеларускі народны сход не проста захаваўся, а раптам ператварыўся ў мерапрыемства, на якім абмяркоўваюцца поспехі і планы развіцця краіны.
Зрэшты, па-ранейшаму без якога-небудзь юрыдычнага статусу. Гэтакае аматарскае палітбюро. Нават тон "рэзалюцый" УНС нагадвае пра гэты замшэлы орган савецкіх партакратаў.
Што ж "вырашалі" на Усебеларускіх народных сходах?
"У рэзалюцыі 2-га Усебеларускага народнага сходу прадстаўнікі беларускага народа адзначылі паслядоўнасць ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі, ухваленай насельніцтвам у 1995 і 1996 гадах на рэферэндуме. Удзельнікі 3-га Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся ў сакавіку 2006 года, прынялі зварот да заходніх краін з патрабаваннем не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі. Ва ўсіх трох рэзалюцыях удзельнікі сходу ўхвалілі праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, прапанаваную прэзідэнтам і іншымі найвышэйшымі службовымі асобамі Рэспублікі Беларусь, на наступныя пяць гадоў", — пісала ў сваёй працы даследчыца Маргарыта Козак.
У 2010-м УНС зноў правялі незадоўга да выбараў. Дэлегаты тады "падтрымалі прапанаваную кіраўніцтвам краіны галоўную мэту, якая заключаецца ў росце дабрабыту і паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі". Як гэта было рэалізавана, мы ўсе ведаем.
А вось наступны сход прайшоў не да выбараў 2015-га, а пасля іх. Тады дэлегаты таксама падтрымалі праграму развіцця, пахвалілі вертыкаль за ўжо дасягнутыя вынікі і да таго падобнае. Словам, нічога важнага не сказалі і не вырашылі.
Усенародны або ўстаноўчы?
Пра УНС-2021 улады гавораць як пра штосьці гістарычна важнае, лёсавызначальнае. Сам Лукашэнка анансаваў яго некалькі разоў. Прычым гаварыў пра яго не толькі як пра такі, "які вызначае развіццё краіны на пяцігодку" (бла-бла-бла), але і як пра орган, які пастанаўляе, якой будзе наступная Канстытуцыя Беларусі.
А вось гэта ўжо сур'ёзна. Магчыма, у 2021-м беларускія ўлады вырашылі паўтарыць трук 25-гадовай даўніны, які добра спрацаваў у 1996-м.
"І там [на УНС. — Еўрарадыё] мы павінны намаляваць план у тым ліку і канстытуцыйных змен. І да гэтага прапрацуем і па партыях, і па іншых пытаннях, каб ужо бачыць, на якім свеце мы знаходзімся. Таму падрыхтоўка да Усебеларускага сходу — найважнейшая палітычная задача найбліжэйшых дзён", — заяўляў Лукашэнка 16 верасня.
Цікавая дэталь: Канстытуцыю можна памяняць і без рэферэндуму. Для гэтага патрабуецца правесці ўстаноўчы сход. І ім можа стаць УНС.
Але і на гэтым не ўсё
Лукашэнка хоча зрабіць са свайго сходу орган, "які б кантраляваў галоўныя напрамкі нашага развіцця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.