Палітолаг: Падставаў для абвастрэння сітуацыі ў Карабаху па лініі фронту не было
2 красавіка Арменія і Азербайджан абвінавацілі адно аднаго ў парушэнні перамір’я ў зоне Нагорнага Карабаха. Гэтыя актыўныя баявыя дзеянні з ужываннем артылерыі і авіяцыі называюць самымі маштабнымі за 22 гады перамір’я. З абодвух бакоў, паводле неафіцыйнай інфармацыі, загінулі каля 30 чалавек.
Ужо 3 красавіка афіцыйны Баку абвяшчае пра захоп некалькіх вяршыняў у Нагорным Карабаху, пасля чаго паведамляе пра “аднабаковае спыненне агню”, бо стратэгічныя задачы былі выкананыя.
Тым не менш, прэс-сакратар мінабароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР) Сэнор Асрацян заяўляе, што азербайджанскія войскі працягваюць бамбіць з гаўбіц як пазіцыі войскаў НКР у Мардакерцкім раёне, так і жылыя кварталы горада Мардакерт.
У найноўшай гісторыі лакальны канфлікт паміж армянамі, якія складалі этнічную большасць у Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці Азербайджанскай ССР, і азербайджанцамі ўспыхнуў у 1988 годзе. Але найбольш актыўныя баявыя дзеянні пачаліся пасля развалу Савецкага Саюза. Па некаторых ацэнках, загінула каля 6 тысяч армянаў і 11,5 тысяч азербайджанцаў. Перамір’е было заключанае ў 1994 годзе. Паводле пагаднення, лінія спынення агню пралегла на тэрыторыі Азербайджана без якіх-небудзь міжнародных міратворчых сіл. На думку беларускага палітолага Юрыя Шаўцова, сказаць, чаму адбылося цяперашняе абвастрэнне канфрантацыі ў Нагорным Карабаху, складана:
“Ніякіх падставаў, якія вялі да абвастрэння ў выглядзе нарастання баявых дзеянняў уздоўж лініі фронту, не было. Таму гэта пакуль выглядае як лакальная наступальная аперацыя з боку Азербайджана”.
Матывы могуць быць якімі заўгодна, але яны не звязаныя з сітуацыяй на лініі фронту, мяркуе палітолаг. Шаўцоў дадае, што побач з лініяй фронту у Карабаху праходзяць стратэгічна важныя нафта- і газаправоды з Азербайджана ў Грузію, з Каспійскага ў Чорнае мора. Арменія і НКР маюць магчымасць перасекчы яго ў выпадку неабходнасці.